МЗС Баўгарыі даў расейскаму дыплямату, абвінавачанаму ў шпіянажы, 24 гадзіны, каб пакінуць краіну, бо просьба да Масквы адклікаць яго да 28 кастрычніка не была выкананая.
Першапачаткова Міністэрства абвясьціла, што адзін зь дзевяці першых сакратароў расейскай амбасады ў Сафіі пакінуў краіну 28 кастрычніка.
Расейскае пасольства ў Сафіі пацьвердзіла атрыманьне пісьмовай запіскі для свайго дыплямата аб сыходзе і заявіла, што ён будзе выконваць вызначаныя тэрміны.
Ні МЗС, ні пракуратура, ні амбасада Расеі не раскрылі імя падазраванага шпіёна. Дасудовая справа расейскага дыплямата была прыпыненая 28 кастрычніка на той падставе, што ён абаронены дыпляматычным імунітэтам.
Расейскі дыплямат нібыта правёў кансьпіратыўныя сустрэчы з высокапастаўленымі баўгарскімі чыноўнікамі, у тым ліку з доступам да сакрэтнай інфармацыі аб справах Баўгарыі, NATO і Эўрапейскага зьвязу. Па словах пракуратуры, дыплямат меў намер перадаць інфармацыю за мяжу.
Гэта першы публічна вядомы выпадак высылкі расейскага дыплямата з Баўгарыі з 2001 году, паведамляе мясцовы навінавы сайт Mediapool. Летась Сафія не далучылася да сваіх саюзьнікаў па NATO і ЭЗ у выгнаньні расейскіх дыпляматаў з нагоды атручэньня былога расейскага шпіёна ў Англіі.
У верасьні Баўгарыя абвінаваціла Мікалая Малінава, былога чальца парлямэнту ад Баўгарскай сацыялістычнай партыі (БСП), які цяпер узначальвае прарасейскую няўрадавую арганізацыю, у шпіянажы і адмываньні грошай для расейскіх арганізацый.