Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінпрацы заявіла, што беспрацоўе ў Беларусі паменшала. Экспэрт ставіць пад сумнеў


Кірмаш вакансій у Менску
Кірмаш вакансій у Менску

Больш за паўсотні раёнаў Беларусі ў пачатку году значыліся ў сьпісе праблемных у пытаньні працаўладкаваньня — фактычна кожны трэці.

Гэта ў праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1» сказала міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч.

Разам з тым, паводле чыноўніцы, даюць плён адмысловыя захады ўраду — у тым ліку перападрыхтоўка пад запыты канкрэтных прадпрыемстваў і курсы прадпрымальніцтва. Цяпер у банку вакансій стала больш прапаноў ад наймальнікаў, запатрабаваны рабочыя спэцыяльнасці і работнікі ІТ-сфэры, расказала Касьцевіч. Гэта прывяло да зьніжэньня колькасьці зарэгістраваных беспрацоўных.

Ірына Касьцевіч
Ірына Касьцевіч

У Міністэрстве працы заяўляюць, што за апошні год у службы занятасьці зьвярнуліся каля 200 тысяч чалавек, прыкладна 20% трацілі на пошук працы больш за год.

Ірына Касьцевіч сьцьвярджае, што нароўні з зарэгістраваным зьніжаецца і ўзровень агульнага беспрацоўя паводле мэтодыкі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП): летась было амаль 5%, цяпер прыкладна 4%.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук не выключае, што агучаныя лічбы не зусім адпавядаць рэальнаму стану з занятасьцю насельніцтва.

«Магу выказаць пэўны сумнеў адносна рэальнасьці лічбаў: мяркуючы па ўсім, яны заніжаныя. Усё ж размова пра аўтарытарную сыстэму: нават калі адбываюцца дасьледаваньні хатніх гаспадарак, людзі проста баяцца шчыра казаць, утойваюць рэальную сытуацыю. Нават у самых пасьпяховых краінах рэальнасьць жыцьця такая, што менш за 3% беспрацоўных не бывае. Хтосьці звольніўся, хтосьці зьехаў, хтосьці яшчэ не працаўладкаваўся. Гэта ж жывы працэс! Таму цяжка лячыць хваробу, калі ня ведаць дыягназу», — казаў Свабодзе Аляксандар Ярашук.

Паводле экспэрта, Беларусь застаецца ці не адзінай краінай, дзе лічаць беспрацоўе па колькасьці тых, хто зьвярнуўся ў службу занятасьці, на біржу працы. Тым часам ва ўсім сьвеце беспрацоўе вылічваюць паводле мэтодыкі МАП — праз дасьледаваньне хатніх гаспадарак. Гэта найбольш карэктны падлік, які дае аб’ектыўную карціну таго, што адбываецца на рынку працы, і сьведчыць пра занятасьць у краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG