Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяне Расеі на перапісе называюць беларускую мову роднай


Маладыя грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, якія нядаўна пераехалі жыць у Беларусь, хутка авалодалі беларускай мовай і на перапісе роднай мовай абіраюць менавіта беларускую. Свабода запыталася, чаму.

«Для мяне заўсёды беларуская мова і беларуская культура была бліжэй, чым расейская»

«Для мяне заўсёды беларуская мова і беларуская культура была бліжэй, чым расейская. Мову ведаю ад бабулі», — кажа Яраслаў Грыгор’еў.

Ён нарадзіўся ў Калінінградзе. Туды некалі накіравалі працаваць ягоную маці, якая родам з Магілёўскай вобласьці. Яна выйшла замуж за расейца, нарадзіла сына. Маленькага Яраслава на лета пастаянна адпраўлялі да бабулі ў вёску Хватаўка Бялыніцкага раёну, там ён і авалодаў беларускай мовай.

7 гадоў таму Яраслаў пераехаў жыць у Беларусь. Цяпер вучыцца на апошнім курсе Магілёўскага філіялу Беларускага інстытуту правазнаўства. Калі скончыць — адразу забяруць у войска.

«Я не баюся службы ў войску. Нічога б ня меў супраць, каб мяне там сапраўды навучылі Айчыну абараняць. Але калі размаўляеш з тымі, хто служыў у арміі, адразу ж зьнікае жаданьне ісьці служыць. Як толькі споўніцца 27, адразу ж буду падаваць на беларускае грамадзянства», — прызнаецца Яраслаў.

Займаўся на магілёўскіх курсах «Мова нанова». На перапісе роднай мовай, якой авалодаў у дзяцінстве, і мовай зносінаў назваў беларускую.

«Перапісчыца запыталася па-расейску, а я адказаў па-беларуску. Жанчына сказала, што да гэтага яна не гатовая, спрабавала адкрыць у пляншэце анкету на беларускай мове, але чамусьці частка пытаньняў там была па-беларуску, а частка — па-расейску. Я на ўсе пытаньні адказаў па-беларуску».

«Беларускую мову вывучыў за 1 месяц»

Івану Пятрову 28 гадоў, нарадзіўся ён у Калінінградзе. 2 гады таму пераехаў у Беларусь — кажа, што «пацягнулі карані». Працуе ў кампаніі LSTR-adziennie. Беларускай мовай зацікавіўся яшчэ ў дзяцінстве. Пазьней у рукі трапіў падручнік «Гавары са мной па-беларуску», і ён паставіў за мэту вывучыць мову дасканала.

«Я лічу, што я беларус і павінен ведаць мову. Каб прайсьці ўвесь падручнік, мне хапіла аднаго месяца — сеў і вывучыў, там было 17 заняткаў. Часам на дадатак слухаў падкасты Радыё Свабода, глядзеў тэлеканал «Белсат». І цяпер размаўляю выключна па-беларуску. Калі знаёмлюся з новымі людзьмі, яны нават не ўяўляюць, што я ўмею размаўляць па-расейску.

Калі праходзіў перапіс, кажа, што адзінай складанай рэччу аказалася тое, што па-беларуску немагчыма адразу знайсьці адпаведную старонку, трэба было па-расейску напісаць у пошуку і потым ужо выбіраць беларускую мову.

Іван хоча атрымаць беларускае грамадзянства, але пакуль ёсьць праблемы — трэба мець сталую рэгістрацыю на жылой плошчы 20 квадратных мэтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG