Кіраўнік ураду Каталёніі Кім Тора заклікаў да перамоваў з цэнтральным урадам Гішпаніі пасьля пяці дзён беспарадкаў на знак пратэсту супраць асуджэньня каталёнскіх лідэраў, якія выступаюць за незалежнасьць рэгіёну.
Пра гэта паведамляе Reuters.
«Мы заклікаем выканаўцу абавязкаў прэм’ер-міністра гішпанскага ўраду сесьці за стол перамоваў, каб пагаварыць», — сказаў Тора, дадаўшы, што гвалт на гэтым тыдні не адлюстроўвае мірнага характару каталёнскага руху за незалежнасьць.
«Гвалт ніколі ня быў і ніколі ня будзе нашым сродкам, ні ў Барсэлёне, ні ў Тарагоне, ні ў Жыроне», — сказаў ён, маючы на ўвазе гарады Каталёніі, якія былі ахопленыя пратэстамі.
Барсэлёна ў пятніцу перажыла ноч гарадзкіх забурэньняў, калі маладыя людзі ў масках перакрывалі дарогі падпаленымі сьмецьцевымі бакамі і кідалі камяні ў сілавікоў. Паліцыя разганяла пратэстоўцаў шумавымі гранатамі і сьлезацечным газам.
Паводле дадзеных мясцовых уладаў, 182 чалавекі па ўсім рэгіёне пацярпелі, у тым ліку 152 у Барсэлёне. Каля 17 паліцэйскіх таксама трапілі ў шпіталі. Паліцыя заявіла, што ў пяты дзень сутыкненьняў арыштавала 54 чалавек.
Вярхоўны суд Гішпаніі пасадзіў у турму дзевяць каталёнскіх лідэраў, якія выступалі за незалежнасьць.