Міжнародны валютны фонд пагоршыў прагноз па росьце эканомікі Беларусі ў 2019–2020 гадах. Гэта вынікае з апублікаванай 15 кастрычніка справаздачы World Economic Outlook, у якой фонд ацэньвае пэрспэктывы сусьветнай эканомікі, паведамляе БелаПан.
Згодна з абноўленым прагнозам, МВФ чакае, што ў 2019 годзе беларуская эканоміка вырасьце на 1,5%. Пры гэтым сёлета ў красавіку фонд прагназаваў рост беларускай эканомікі ў 2019 годзе на 1,8%.
Прагноз фонду па росьце беларускай эканомікі ў 2020 годзе пагоршыўся больш значна — з 2,2% у красавіцкай ацэнцы да 0,3%.
Таксама Міжнародны валютны фонд чакае, што сёлета інфляцыя ў Беларусі складзе 5,4% (красавіцкая ацэнка была 5%), у 2020 годзе — 4,8% (5%).
Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2019 год прадугледжвае рост эканомікі на 4%. Разам з тым за студзень—жнівень рост ВУП склаў 1,1%, і на гэты час мэтавы паказчык не пераглядаўся.
Сусьветны банк таксама мяркуе, што ў 2019–2021 гадах тэмпы росту беларускай эканомікі будуць запавольвацца. Такі прагноз прыводзіцца ў кастрычніцкай справаздачы банка аб эканамічнай сытуацыі ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі.
Згодна з прагнозам Сусьветнага банка, пасьля эканамічнага росту на 3% у 2018 годзе рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе складзе 1,5%, у 2020-м — 1,3%, у 2021-м — 1,2%.
Беларусь, мяркуе Сусьветны банк, у 2019 годзе ўвойдзе ў рэгіёне ў лік краін — аўтсайдараў па тэмпах эканамічнага росту.
Паводле ацэнак Эўразійскага банка разьвіцьця, ВУП Беларусі ў 2019 годзе вырасьце на 1,2%.