Гэтыя словы Сі Цзіньпінь сказаў падчас дзяржаўнага візыту ў Нэпал у нядзелю, паведамляе BBC.
«Тыя, хто паспрабуе аддзяліць любы рэгіён ад Кітаю, загінуць, іх целы будуць раздушаныя, а косьці расьцёртыя ў парашок», — заявіў Сі Цьзіньпінь.
У сваёй заяве кіраўнік Кітаю не назваў нейкі канкрэтны рэгіён, але экспэрты мяркуюць, што гаворка ідзе пра Ганконг, дзе ўжо доўгі час адбываюцца пратэсты.
«Кітайскі народ можа лічыць, што любыя зьнешнія сілы, якія падтрымліваюць раскол Кітаю, падмаваюць сябе», — сказаў ён.
Пасьля пачатку пратэстаў у Ганконгу, чатыры месяцы таму, Кітай абвінаваціў «зьнешнія сілы» у распальваньні хваляваньняў і абвінаваціў ЗША і Вялікабрытанію ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Кітая.
Сі Цзіньпін пакуль не пракамэнтаваў самі пратэсты ў Ганконгу, таму гэтыя словы будуць успрымацца як сур’ёзнае папярэджаньне ў бок дэманстрантаў.
Пэкін дагэтуль заяўляў, што паліцыя Ганконгу здольная сама справіцца з крызісам. Але ўдзельнікі акцыі асьцерагаюцца, што Пэкін можа накіраваць войскі з мацерыковага Кітаю ў Ганконг, каб спыніць гвалт на вуліцах.
Пратэсты ў Ганконгу працягваюцца ад сакавіка. Дэманстранты спачатку дамагаліся адмены разгляду закона аб экстрадыцыі абвінавачаных у злачынствах у мацерыковы Кітай. Затым патрабаваньні пашырыліся. Галоўнае зь іх — захаваньне аўтаноміі горада і адстаўка ганконскіх уладаў. Гучаць і патрабаваньні незалежнасьці ад Кітаю. Кітайскія ўлады асуджаюць пратэсты і пагражаюць іх удзельнікам жорсткімі мерамі.
Ганконг, які доўгі час быў брытанскай тэрыторыяй, перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.