Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржпрамнагляд ухваліў пуск «сьмярдзючага» заводу ў Сьветлагорску


Завод беленай цэлюлёзы каля Сьветлагорску
Завод беленай цэлюлёзы каля Сьветлагорску

Дзяржпрамнагляд выдаў станоўчае заключэньне аб адпаведнасьці праекту, патрабаваньням бясьпекі, эксплюатацыйнай надзейнасьці кітайскага «сьмярдзючага» заводу ў Сьветлагорску.

Актывісты кампаніі маніторынгу сытуацыі з заводам абураныя такім заключэньнем.

«Рознакаляровы дым над новым заводам вісіць, людзі душацца ад смуроду, толькі ў чыноўнікаў усё добра», — зазначыла актывістка кампаніі, праваабаронца Алена Масьлюкова.

Гомельскае абласное ўпраўленьне МНС паведамляе, што дзяржаўныя інспэктары абсьледавалі абсталяваньне на новым заводзе, катлы, ліфты, сыстэмы газазабесьпячэньня і газаспажываньня.

«Дзякуючы правядзеньню на сыстэмнай аснове папярэдняга нагляду на ўсіх этапах рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту праца ў ліквідацыі парушэньняў і недахопаў была завершана ў самыя кароткія тэрміны», — паведамляе ведамства.

Разам з тым Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, які рыхтуецца да запуску пасьля скасаваньня дамовы аб будаўніцтве з кітайцамі, яшчэ ў верасьні быў не распрацаваўшы мэтодыкі выкананьня вымярэньня шкодных выкідаў. Гэта вынікае з дакумэнту, копію якога атрымала Свабода.

Камбінату было даручана да 20 верасьня вызначыць «рэальны тэрмін выкананьня работ у распрацоўцы мэтодык выкананьня вымярэньня рэчываў, якія забруджваюць паветра, і прамысловых выкідаў».

«Як у 2017 годзе быў смурод, так і цяпер ён стаіць. І сёньня я бачу над заводам рознакаляровы дым, а жыхары вёскі Якімава Слабада скардзяцца на невыносны смурод. Мы напісалі дзясяткі зваротаў ва ўсе інстанцыі, але атрымліваем толькі адпіскі. Мы чыноўнікаў папярэдзілі — кожны, хто ставіць подпіс пад дакумэнтамі, якія тычацца заводу, будзе несьці пэрсанальную адказнасьць, калі на прадпрыемстве нешта здарыцца», — пракамэнтавала Свабодзе Алена Масьлюкова.

15 кастрычніка група актывістаў зьбіраецца ісьці на прыём да генэральнага дырэктара цэлюлёзна-кардоннага камбінату Юрыя Крука.

«Тыя, хто працуе на заводзе, кажуць, што там увесь час нешта выходзіць са строю, увесь час ідуць рамонтныя работы — і гэта на новым заводзе! Чыноўнікі нас супакойваюць, што „ўсё добра“, а людзям немагчыма жыць ад смуроду. Калі ж чыноўнікі зразумеюць, якога монстра яны пабудавалі?» — дадала праваабаронца.

Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам

  • У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
  • Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
  • Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
  • 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
  • 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
  • 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
  • Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
  • За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
  • За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
  • Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.

Канцэрн «Белляспаперпрам​» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:

  • тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
  • парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
  • сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.

«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод

У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG