Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранскім жанчынам дазволілі наведваць футбол. Зборная разграміла камбаджыйцаў 14:0 


Сэктар іранскіх заўзятарак
Сэктар іранскіх заўзятарак

Тры з паловай тысячы іранскіх жанчын упершыню за амаль 40 гадоў змаглі наведаць футбольны стадыён, паведамляе ВВС.

Раней назіраць за матчамі з трыбунаў строга забаранялася. FIFA настаяла на адмене абмежаваньняў пасьля таго, як маладая заўзятарка, якую ў верасьні злавілі пры спробе ўвайсьці на арэну пад выглядам мужчыны, падпаліла сябе перад будынкам суду ад страху перасьледу. Праз тыдзень дзяўчына памерла ад апёкаў.

Гістарычнай гульнёй стаў кваліфікацыйны матч на чэмпіянат сьвету паміж зборнымі Ірану і Камбоджы. На 78-тысячным стадыёне было адведзена 3500 «жаночых» месцаў, квіткі разышліся за лічаныя хвіліны.

На вачах у суайчыньніц іранская каманда разграміла сапернікаў зь лікам 14:0.

Гэта стала найвялікшай паразай камбаджыйцаў — раней зборная прайгравала максымум 0:10. У рэйтынгу FIFA зборная Ірану цяпер на 23-м месцы (паміж Уэльсам і Ўкраінай), Камбоджа ж на 169-м (на ўзроўні Малдовы).

Незадаволенасьць жанчын выклікала тое, што іхны сэктар быў аддзелены ад мужчынскага. Акрамя таго, колькасьць ахвотніц трапіць на футбол была нашмат большая за лімітаваныя 3500.

«Гэта прыклад полавай дыскрымінацыі: тысячы пустых месцаў, але ўсім ахвочым жанчынам квіткоў не дасталося», — сказала адна з заўзятарак.

Жаночыя трыбуны адгароджаныя ад мужчынскіх
Жаночыя трыбуны адгароджаныя ад мужчынскіх

Прадстаўнік ураду растлумачыў невялікую колькасьць жаночых квіткоў тым, што «грамадзтва яшчэ не гатовае да поўнай адмены забароны».

Забарона жанчынам наведваць футбольныя матчы была ўведзеная ў Іране неўзабаве пасьля Ісламскай рэвалюцыі 1979 году. Улады і царква матывуюць гэта тым, што жанчынам можа пашкодзіць «мужчынская» атмасфэра, найперш лаянка.

Аднак праваабаронцы лічаць, што сапраўдная прычына ў тым, што, атрымаўшы гэтыя элемэнтарныя правы, жанчыны пачнуць патрабаваць іншых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG