Міністар транспарту Аляксей Аўраменка пацьвердзіў прыход у Беларусь першай лоўкост-кампаніі. Зь вясны 2020 году рэйсы Wizz Air злучаць Менск і Будапэшт, піша Tut.by.
Зараз улады прапрацоўваюць з лоўкост-кампаніямі магчымасьць лётаць у абласныя аэрапорты, сказаў Аўраменка. Беларусь вядзе перамовы з «з рознымі лоўкостамі».
«Усё будзе залежаць ад таго, як будзе складвацца іх эканоміка. Яны самі прымаюць рашэньне аб адкрыцьці таго ці іншага маршруту», — сказаў Аўраменка.
Вугорскі Wizz Air — адна з найбуйнейшых у сьвеце лоўкост-кампаній. Працуе пераважна на рынку Цэнтральнай Эўропы
У суседніх зь Беларусьсю краінах працуе шэраг лоўкостэраў — авіякампаній, якія прапануюць палёты па мінімальных цэнах, але бяз большасьці дадатковых паслуг для пасажыраў, нярэдка ў далёкія ад папулярных гарадоў аэрапорты. У Беларусь лоўкосты пакуль не лятаюць, няма і беларускай лоўкост-кампаніі — прычыны гэтага называюць самыя розныя.