У Магілёве гаспадары шасьці кватэр аднаго зь мясцовых шматпавярховікаў падлічваюць страты ад залітага вадой празь нядбайнасьць камунальнікаў жытла. На працягу 4 гадзінаў яны чакалі паратунку ад службаў экстранай дапамогі, але марна.
Пра надзвычайнае здарэньне стала вядома зь відэароліка ў сацыяльных сетках. Так была прыцягнутая ўвагу чыноўнікаў і камунальных службаў да бяды ў доме. Цяпер сытуацыя на кантролі ў старшыні аблвыканкаму. Жыхарам абяцаюць адрамантаваць пашкоджаныя кватэры за дзяржаўны кошт. Чатырох чыноўнікаў з жыльлёва-камунальнай гаспадаркі звольнілі.
Свабода пабывала ў доме і пагутарыла пра аварыю на пачатку ацяпляльнага сэзону з аўтарам відэароліка Мікалаем Швархаевым. Ён апавядае, як ратаваў сваю маёмасьць разам жонкай ад патопу, куды зьвяртаўся па дапамогу і што адбываецца цяпер.
Што здарылася?
У доме на бульвары Няскораных, 82 камунальнікі ўзяліся рамантаваць сыстэму ацяпленьня. У адной з кватэраў адрэзалі ад батарэі трубу, а калі скончыўся працоўны дзень, пайшлі, не паставіўшы заглушкі.
Пра няскончаны рамонт камунальнікі забылі. Праз колькі дзён, калі ўключылі ацяпленьне, зь незаваранай трубы хлынула вада і затапіла шэсьць кватэр.
«На маіх вачах вада зьнішчала маёмасьць сям’і»
Сям’я Мікалая Швархаева здымае кватэру на чацьвёртым паверсе. Іхнае жытло пацярпела больш за астатнія. Незавараная труба была ў суседзяў зьверху. Адбылося затапленьне 7 кастрычніка, адразу пасьля 16.00.
Пачуўшы незвычайны гук у батарэях, дачка Мікалая патэлефанавала маці. Дзяўчынку супакоілі, але празь лічаныя хвіліны яна патурбавала бацькоў зноў, і гэтым разам перапужана паведаміла, што кватэру залівае вада.
Мікалай кажа, што, прыехаўшы дахаты, аслупянеў ад убачанага. Вада лілася са столі вадаспадам. Ён у паніцы пабег да суседзяў. Доўга грукаў у дзьверы, але ў іх нікога не было дома.
Па ягоных словах, ад 16.30 да 20.00 ён тэлефанаваў у службы экстранай дапамогі. Усюды ўспрымалі ягоную просьбу як дробязную. Ён кажа, што ў адной са службаў яму нават адказалі, што ў іх дом гарыць, не да ягонага патопу.
«Набіраю 101 і крыкам даводжу, каб дапамаглі даць рады праблеме, а мяне пераключаюць на апэратараў, якія нічога дзейснага прапанаваць ня могуць, — успамінае змаганьне з аварыяй Мікалай. — У ЖЭУ спакойным голасам адказвалі, што аб праблеме ведаюць і ўжо выехала аварыйная брыгада. Толькі пад вечар прыйшоў камунальнік. Пабачыўшы, што творыцца ў кватэры, мацюкнуўся і ўцек. У падвале перакрыў ваду, але да нас больш не падымаўся».
«Не чакаў, што так сеткі стрэляць»
За чатыры гадзіны жонка Мікалая вычарпала з падлогі вёдрамі больш за 150 літраў вады. Гаспадар кажа, што на ягоных вачах вада зьнішчала маёмасьць сям’і, уратаваць якую ён ня ведаў як. Стаміўшыся ад перажытага і не дачакаўшыся дапамогі, яны сышлі, калі жытло яшчэ залівала вада.
Пра патоп у сваёй кватэры Мікалай расказаў у відэароліку, які выклаў у сацыяльныя сеткі ўвечары 7 кастрычніка. Калі ён стаў у інтэрнэце «вірусным», чыноўнікі «заварушыліся».
Па словах Мікалая, на наступны дзень прыехала дэлегацыя з адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва. Тут жа заварылі трубу. Сям’і Мікалая далі часовае жытло ў гасьцініцы аб’яднаньня «Хімвалакно». Рамонт кватэры абяцае зрабіць ЖЭУ. Калі гэта адбудзецца, невядома.
«Калі б не было відэа, наўрад ці мы здолелі прыцягнуць увагу да праблемы. Я пераканаўся, што, сацыяльныя сеткі сапраўды працуюць. І напраўду не чакаў, што яны так змогуць „стрэліць“», — кажа ён.
Што з кватэрай і якія страты?
Пра страты Мікалай гаварыць пакуль не бярэцца. Ён прадпрымальнік і вымушаны цяпер разрывацца між сваёй працаю і ўстановамі, якія павінны нанесеную шкоду вызначаць.
Суразмоўца кажа, што ўжо пабываў некалькі разоў у ЖЭУ № 12, наведаў рамонт бытавой тэхнікі ды незалежную экспэртызу мэблі. Пагутарыў з юрыстамі і супрацоўнікамі дзяржстраху. За прамінулыя два дні кватэра ўсё яшчэ не прасохла. На падлозе стаіць вада. Каб прысьпешыць прасыханьне, насельнікам далі два абагравальнікі, якія бяруць шмат энэргіі, а яны падключаныя да электралічыльніка ўладальніка кватэры, у якой жыве сям’я Мікалая. У самой кватэры электрычнасьць адключаная. Мэбля вадою сапсаваная. Шпалеры адвальваюцца.
«Пра мэблю нам сказалі, што мае прайсьці дзесяць сутак, і толькі тады мы мусім выклікаць незалежную экспэртызу, — апавядае ён, — Але мы перакананыя, што ад вады матэрыял, зь якога яна зробленая, разбухне і яе давядзецца выкінуць. Элемэнты шпалераў я завёз экспэртам, каб былі праведзеныя неабходныя падлікі стратаў».
«Давяраць цяпер нікому ня варта»
Па словах Мікалая, падобная сытуацыя і ў суседзяў зьнізу. Калі палілася вада, іх не было ў двары. Разьвесіўшы прамоклыя рэчы, яны зьехалі. У іх таксама адключаная электрычнасьць.
«Мы іх крыху ўратавалі, выбіраючы ў сябе ваду, але і ім шмат засталося. Суседзі з другога паверху і першага пацярпелі ад патопу меней, хоць і ім давядзецца жытло рамантаваць», — кажа Мікалай.
Пасьля перажытага ён упэўнены, што давяраць цяпер нікому ня варта. Мікалай адзначае, што ягоныя знаёмцы, пабачыўшы відэа, выказваюць непакой, што ў любы момант і яны могуць усё страціць ад нядбайнасьці супрацоўнікаў дзяржаўных арганізацыяў.
Каго пакаралі за патоп у шматпавярховіку
Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, за аварыйную сытуацыю ў шматпавярховіку зьнялі з пасадаў кіраўнікоў чатырох жыльлёва-камунальных структур. Сярод звольненых і кіраўніцтва ЖЭУ-12, якое мелася дбаць пра парадак у доме.
У аблвыканкаме абяцаюць, што падобных інцыдэнтаў не паўторыцца. Пацярпелых жа «ад патопу» запэўнілі, што без падтрымкі яны не застануцца.