Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета на бабіна лета. Павал Аракелян: «Я ўзяў на трубе „до“ чацьвёртай актавы!»


Павал Аракелян, архіўнае фота
Павал Аракелян, архіўнае фота

У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наш сёньняшні рэспандэнт — Павал Аракелян.

Хто гэта?

Знаны беларускі саксафаніст, флейтыст, клявішнік, кампазытар, джазмэн, інструктар фітнэсу і бодыбілдынгу. Нарадзіўся ў 1985-м у Баку ў армянскай сямʼі, якая праз тры гады пераехала ў Менск. Скончыў музычную вучэльню, граў у групах Apple Tea, Svet Boogie Band, Крамбамбуля. Стварыў джазавы праект The Outsiders. Пераможца міжнароднага конкурсу «Усадьба. Джаз». Трэнуе ў прыватным фітнэс-цэнтры Менску. Беларускамоўны.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Звычайна гэта здараецца падчас глыбокіх канцэртаў, калі ёсьць поўнае адчуваньне сябе як часткі сьветабудовы. Асабліва канцэртаў, дзе граеш сваю, аўтарскую музыку і адчуваеш рэдкаснае паразуменьне з аўдыторыяй, музыкамі і космасам, якое і дае ў суме тое самае пачуцьце ўсеагульнага шчасьця. (Дарэчы, запрашаю 16-га лістапада ў вялікую залю Белдзяржфілярмоніі, дзе і адбудзецца такі самы канцэрт!)

2. Які ваш найбольшы страх?

Як у шмат каго, гэта страх сьмерці, дакладней страх таго, што ня ўбачу, як усё на гэтай зямлі будзе працаваць й далей безь мяне. Хоць галавой разумееш, што працавала і да, і пасьля працаваць будзе, але невытлумачальны страх час ад часу праглынае.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Нейкая замалёўка зь дзяцінства. Памятаю, як нада мной схіляюцца тата й мама, усьміхаюцца мне. Пэўна, я яшчэ ў нейкай калысцы.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Больш за ўсё не падабаецца непамерная пагарда, але я працую над гэтым.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Неадэкватнасьць, адсутнасьць здольнасьці да аналітычнага й лягічнага мысьленьня, няздольнасьць праводзіць прычынна-выніковыя сувязі.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Калі за адным столікам на канцэрце сустрэліся тры мае тагачасныя палюбоўніцы. Але пасьля гэтая няёмкая сытуацыя ператварылася ў адну з самых прыемных начэй.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Пэўна, няма такіх рэчаў, калі не лічыць улюбёнай канапы.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Страляць маланкамі з рук!

9. Што робіць вас няшчасным?

Тыя моманты, калі здаецца, што навокал адны дэбілы.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Ня слухаць суразмоўцу і вечна пераводзіць гутарку толькі ў цікавае мне асабіста рэчышча.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Здаецца, яны ў мяне ўсе такія — ласункі, пʼянкі, сэксуальныя вычварэньні, курэньне й шмат чаго яшчэ, але сам для сябе я не вызначаю гэтыя прыемнасьці як заганныя, мне ж кайфова ў выніку.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

Ёсьць людзі, да якіх я ў сілу ўзросту і той жа пагарды ў свой час паставіўся непрыгожа, а пасьля мажлівасьці папрасіць прабачэньня ўжо не было. Але мо яшчэ зьявіцца. Паглядзім.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Ну то каб я іх дзяліў на лепшыя й горшыя... У кожным ёсьць нейкая прыемнасьць.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Як ні дзіўна, але гэта расчараваньне тым, што ідэалаў не бывае, і людзі — гэта ўсяго толькі людзі. У свой час гэтае адкрыцьцё зьмяніла мой сьветапогляд, але ў выніку — да лепшага.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Як казаў Соні Ролінз: «Калі б я ведаў, што пражыву так доўга, то лепей паклапаціўся б пра сваё здароўе».

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

Амэрыка, 30–40-я гады мінулага стагодзьдзя, росквіт джазу, легенда на легендзе, час і месца, дзе стваралася адзіная рэальна цікавая для мяне гісторыя.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Такіх выпадкаў і сытуацыяў можна налічыць з тузін, але я lucky.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Пераезд у эўрапейскую краіну. Але мы яшчэ пазмагаемся тут.

Павал Аракелян на канцэрце «Крамбамбулі» ў Вільні, 2015 год
Павал Аракелян на канцэрце «Крамбамбулі» ў Вільні, 2015 год

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Спадзяюся, яшчэ наперадзе.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Часьцей за ўсе музыка і думкі пра яе.

21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?

Я ўзяў на гэтай вашай трубе «до» чацьвёртай актавы! Ледзьве-ледзьве, але зачапіў!

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Шчыра, мне ўжо ўсё роўна. Хай пры жыцьці не забываюцца, а пасьля сьмерці мне будзе зусім паралельна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG