У Гомлі загінуў 17-гадовы навучэнец каледжа. 4 кастрычніка ён скочыў з балькону 10-га паверху 12-павярховага дому. Па словах сяброў, ён быў напалоханы тым, што яго могуць перавесьці ў спэцшколу.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка УСК па Гомельскай вобласьці Марыю Крываногаву, Гомельскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку па факце сьмерці хлопца, цела якога сёньня знайшлі каля шматпавярховага дома на вуліцы Мазурава.
Адзін зь сяброў загінулага апавёў БелаПАН, што напярэдадні трагедыі малады чалавек выказваў думкі пра самагубства. Праз праблемы з паводзінамі хлопца пагражалі накіраваць у спэцыяльную ўстанову. Бацька і маці хлопчыка былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, бо пілі, і ён знаходзіўся на дзяржаўным забесьпячэньні. Паводле знаёмага, сацыяльныя выплаты складалі каля 130 рублёў у месяц плюс харчаваньне.
«Ён ня вытрымаў», — сказаў сябар ахвяры.
Учора, напярэдадні самагубства, маладога чалавека затрымалі за п’янства, прычым не ўпершыню.
«Ягоныя інспэктары па справах непаўнагадовых напалохалі спэцыяльнай школай», — сказаў сябра.
Па словах сябра, калі хлопец вярнуўся зь міліцыі ў інтэрнат, ён спрабаваў перарэзаць сабе вены. На раніцу да таго хлопца не маглі датэлефанавацца. У сацыяльнай сетцы ён выставіў здымак з надпісам The End. Потым высьветлілася, што студэнт каледжа скочыў з 12-павярховіка.
«Прычым патэлефанаваў яшчэ аднаму сябру і сказаў, дзе ён. Ён прыйшоў — і той на ягоных вачах скокнуў з вышыні», — сказаў студэнт каледжа.