У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — Алена Анісім.
Хто гэта?
Дэпутатка палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, старшыня Таварыства беларускай мовы, філёляг. Працавала ў Інстытуце мовы і літаратуры Акадэміі навук, была актыўнай удзельніцай адраджэнскага моладзевага руху 1980-х. Маці трох сыноў.
1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?
Найбольшае ў жыцьці шчасьце адчувала пры нараджэньні сыноў, асабліва першага.
2. Які ваш найбольшы страх?
Найбольшы страх у мяне выклікае пагроза страты незалежнасьці Беларусі.
3. Які ваш самы раньні ўспамін?
Самы раньні ў мяне ўспамін прыблізна, як мела каля 1 году ці паўтара. Памятаю, як мама пераносіла мяне ў нашу новую хату, укруціўшы ў сваю вязаную кофту чырвонага колеру.
4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?
Мне ня вельмі падабаецца, калі я часам «падтарможваю», не заўсёды так хутка публічна рэагую на нейкія падзеі, як адчуваю.
5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?
Мне вельмі не падабаецца хлусьня і двурушнасьць.
6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?
Пра самую няёмкую сытуацыю ў жыцьці помніцца, калі мне было гадоў шэсьць. Бацькі мяне вазілі на санках у школу за 3 км зімою. А ў нашай вёсцы была пачатковая школа. Я ж мусіла езьдзіць з бацькамі ў суседнюю вёску, бо яны там настаўнічалі. Аднойчы мяне старэйшыя дзяўчаты папрасілі купіць дзёньнік, далі грошы. Гэта было 14 капеек, здаецца. А я па дарозе іх недзе згубіла. Было крыўдна да сьлёз. Давялося расказаць бацькам, а я ж лічыла сябе ўжо вялікай. Думала, спраўлюся сама і куплю дзёньнік бязь іх ведама. А выйшла зусім ня так.
7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?
Самая дарагая для мяне рэч у маральным і матэрыяльным пляне — бацькоўскі дом.
8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?
Я б хацела мець магчымасьць выконваць жаданьні блізкіх мне людзей.
9. Што робіць вас няшчаснай?
Няшчаснай мяне робяць праблемы зь фізычным здароўем маім асабістым і маіх родных, а таксама крызісныя сытуацыі ў краіне.
10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?
Не заўсёды заглядаю ў люстэрка перад важнымі сустрэчамі. Часта гэта забываюся зрабіць. Пасьля шкадую, папракаю сама сябе.
11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?
Я люблю салодкае, марожанае, цукеркі. Часам ігнарую голас здаровага сэнсу і вечарам, калі вельмі хочацца, магу зьесьці шмат салодкага.
12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?
У сваіх дзяцей, бо не змагла пераканаць іх у неабходнасьці атрымаць вышэйшую адукацыю.
13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?
Першы пацалунак кожнага з сыноў у маленстве.
14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?
Найбольшае расчараваньне — вынікі рэфэрэндуму 1995 году і далейшыя падзеі ў 1996-м.
15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?
Я б хацела, каб мой бацька пражыў больш.
16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?
Найлепшая мінуласьць для мяне — гэта маё дзяцінства.
17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?
Магчыма, гэта было падчас апэрацыі.
18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?
Выключна моцнае здароўе — гарант добрага жыцьця.
19. Ваша найбольшае дасягненьне?
Спадзяюся, што самае вялікае дасягненьне ў мяне яшчэ наперадзе.
20. Што вам не дае спаць па начах?
Па начах не даюць заснуць розныя жыцьцёвыя сытуацыі маіх выбаршчыкаў, калі я ня ў стане ім дапамагчы.
21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?
Самае запамінальнае з гэтага лета — паездка ў камандзіроўку ў Страсбург і вандроўка зь Менскім ТБМ разам з Аляксеем Фраловым па мясьцінах Станіслава Манюшкі з нагоды яго 200-годзьдзя.
22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?
Я б хацела, каб пра мяне памяталі празь нешта добрае, што я зрабіла камусьці канкрэтна ці ў грамадзкім жыцьці наогул.
Усе рэспандэнты «Анкеты-2019»
- Фэлікс Аксёнцаў
- Алена Анісім
- Павал Аракелян
- Уладзімер Арлоў
- Рыгор Астапеня
- Віктар Бабарыка
- Павал Бераговіч
- Данута Бічэль-Загнетава
- Ігар Варашкевіч
- Алена Васілевіч
- Зіна Гімпелевіч
- Вольга Глухоўская
- Янка Запруднік
- Юры Зісер
- Андрэй Ільніцкі
- Іван Кірчук
- Вераніка Круглова
- Іна Кулей
- Алена Макоўская
- Мікола Матрунчык
- Караліна Мацкевіч
- Аліна Нагорная
- Тацяна Процька
- Барыс Пятровіч
- Віталь Радзівонаў
- Ада Райчонак
- Івонка Сурвіла
- Валянціна Трыгубовіч
- Аляксандар Фядута
- Ірына Халіп