Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцам з 1 кастрычніка забаранілі курыць на бальконах. А што ў Беларусі?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 1 кастрычніка ў Расеі забараняецца курэньне на бальконах. Адпаведныя зьмены ўнесеныя ў правілы супрацьпажарнага рэжыму.

У МНС Расеі патлумачылі, што з гэтага часу «забараняецца выкарыстоўваць адкрыты агонь на бальконах і лоджыях кватэр, у жылых пакоях інтэрнатаў і нумарах гатэляў». Грамадзяне таксама ня маюць права смажыць шашлыкі на бальконах і запальваць там сьвечкі, удакладняе ведамства.

Фізычным асобам за парушэньне правілаў пагражае штраф у памеры да 3 тысяч расейскіх рублёў (каля 97 беларускіх рублёў) ці 5 тысяч, калі ў выніку парушэньняў узьнік пажар. «Да адказнасьці будуць у асноўным прыцягвацца курцы, чыя шкодная звычка стала прычынай пажару», — удакладнілі ў ведамстве.

Паводле дадзеных МНС Расеі, у 60% пажараў прычынай становіцца курэньне на бальконах.

А ў Беларусі курэньне на бальконах не забароненае

Ад 27 ліпеня ў Беларусі набылі моц новыя правілы і забароны адносна курэньня. Паводле іх, курэньне на бальконах не забароненае.

Беларусы двойчы (у 2017 і 2019 гадах) стваралі онлайн-пэтыцыі да ўладаў з патрабаваньнем забараніць курэньне на бальконах. На апошнюю пэтыцыю Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі ў верасьні 2019 году адказала, што ў выніку грамадзкага абмеркаваньня пытаньне забароны курэньня на бальконах падтрымалі ня ўсе грамадзяне Беларусі, бо яно «абмяжоўвае правы» курцоў, гэтаксама лічаць і асобныя дзяржаўныя органы Беларусі.

Таксама, паводле міністэрства, забарона на курэньне на бальконах ня вырашыць праблему, паколькі зафіксаваць і даказаць факт курэньня на бальконе і прыцягнуць курца да адказнасьці вельмі праблематычна, таму і няма сэнсу павялічваць колькасьць забаронаў. Паводле міністэрства, праблему «трэба вырашаць праз выхаваньне ў грамадзтве, асабліва ў моладзі, культу здровага ладу жыцьця».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG