Судовы працэс над былым палітвязьнем Зьмітром Паліенкам пачнецца 25 верасьня ў закрытым рэжыме. Пра гэта стала вядома 20 верасьня зь ліста Паліенкі.
Сёньня на волю прыйшоў яшчэ адзін ліст у якім Зьміццер заяўляе, шт ня скажа на судзе ня слова ў сувязі з тым, што не прызнае абвінавачваньне і не давярае беларускаму правасудзьдзю.
«У сувязі з тым, што суд будзе праходзіць у цалкам закрытым рэжыме, а гэта значыць непразрыстым і ізаляваным ад грамадзкасьці — я лічу гэта прамой расправай, бо не прызнаю віну ні па адным эпізодзе, а беларускаму правасудзьдзю не давяраю» — гаворыцца ў лісьце.
Што важна ведаць пра справу Паліенкі?
Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).
Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:
- «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
- «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
- «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
- «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).