Целаахоўнікі прэзыдэнтаў Украіны, Малдовы і Грузіі перамаглі на сёлетнім чэмпіянаце сьвету ў шматборстве Bodyguard-2019, які прайшоў у Кіеве 7-10 верасьня. Каманда Службы бясьпекі прэзыдэнта Беларусі заняла 5-е месца.
Раней спаборніцтвы праводзіліся ў Ялце, але пасьля анэксіі Крыму Расеяй перамясьціліся ў Кіеў.
У чэмпіянаце ўдзельнічалі 24 каманды — органаў бясьпекі, праваахоўных і спэцыяльных службаў, а таксама службаў бясьпекі прэзыдэнтаў Украіны, Кітая, Беларусі, Малдовы, Баўгарыі, Грузіі, Румыніі, Ярданіі і Сэрбіі.
Усе віды спаборніцтваў грунтаваліся на легендзе аб нападзе на першую асобу дзяржавы ў розных умовах, а целаахоўнікі мусілі прадэманстраваць свае навыкі хуткага рэагаваньня на пагрозы жыцьцю і здароўю: абараніць, затрымаць нападніка, адстраляцца, аказаць першую дамэдыцынскую і мэдыцынскую дапамогу і ў выпадку раненьня вывезьці VIP-пэрсону ў бясьпечнае месца. На рэакцыю — усяго некалькі сэкундаў.
Беларуская каманда стала другой у выкананьні заданьня па дамэдычнай дапамозе і экстранай эвакуацыі параненай ахоўнай асобы. Целаахоўнікі Лукашэнкі таксама ўвайшлі ў тройку лідэраў яшчэ ў двух відах спаборніцтваў — ахове пры пешым суправаджэньні ва ўмовах масавага мерапрыемства, калі на аб’екта іхнай аховы нападае зламысьнік, і выкарыстаньне прыёмаў рукапашнага бою ў выпадку нападу на іх саміх.
Але памылкі, дапушчаныя ў трох іншых відах змаганьняў (пераадоленьне паласы перашкод на аўтамабілі, страляньне падчас пешага суправаджэньня і з аўтамабіля, пошук выбуховых прыладаў у аўтамабілі) не дазволілі беларускай камандзе ўтрымацца ў тройцы лідэраў у агульнакамандным заліку.
З мужчынамі спаборнічалі і жанчыны
На роўных з мужчынскімі камандамі змагаліся і дзьве жаночыя — яны прадстаўлялі Ўпраўленьне дзяржаўнай аховы і Дзяржаўнай фіскальнай службы Ўкраіны.
«Мы ахоўваем жанчын і дзяцей, якія прыяжджаюць ва Ўкраіну ў складзе афіцыйных дэлегацый. Працуем, як і ў іншых краінах, у якіх вызначана, што жанчын павінны ахоўваць жанчыны. Бо, паводле ўмоў бясьпекі, целаахоўнік мусіць суправаджаць асобу паўсюль, але ёсьць такія выпадкі і месцы, куды мужчына-целаахоўнік ня можа суправаджаць жанчыну, якую трэба ахоўваць», — сказала Свабодзе службоўца Ўпраўленьня дзяржаўнай аховы Ўкраіны Вольга Радчанка.
Жаночым камандам, як сьцьвярджае Вольга, складана спаборнічаць з мужчынамі, бо трэба працаваць у два разы больш, каб дэманстраваць годны ўзровень: «Трэба стала ўдасканальвацца, трэнавацца і трымаць сябе ў форме. Каб быць добрым целаахоўнікам, трэба шмат тактычнай, фізычнай і стралковай падрыхтоўкі».
Як паведамілі Свабодзе прадстаўнікі беларускай каманды, у Службе бясьпекі Лукашэнкі жанчын-целаахоўніц пакуль няма.