Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэфіле васьмігадовых будучых жанчын


Дзіцячыя конкурсы прыгажосьці ў Беларусі ня так распаўсюджаны, як, напрыклад, у ЗША, але ёсьць яны і ў нас. Напрыклад, у Карэліцкім раёне праводзіцца конкурс Miss Kids — дзяўчаты (ад 8 да 12 гадоў) рыхтуюць нумары-візітоўкі, удзельнічаюць у трох дэфіле, ладзяць творчы нумар (танчаць альбо сьпяваюць) і прыдумваюць аповед са сьпісу прапанаваных словаў. Адно з дэфіле адбываецца ў сучасных вечаровых сукенках.

Васьмігадовыя дзяўчаты ў сучасных (гэтае слова чамусьці штогод падкрэсьліваецца) вечаровых сукенках — гэта нешта цалкам нармальнае для нашых ідэалягічных аддзелаў. І прыгажосьць традыцыйна сплятаецца з творчасьцю, бо інакш быццам і быць не можа — ну як гэта зрабіць жаночы конкурс, не зьвязаны з прыгажосьцю? Дзяўчаты — гэта ж кветкі жыцьця, якія мусяць радаваць вока!

Ніякай інфармацыі пра адпаведны конкурс для хлопчыкаў я, дарэчы, не знайшла.

На дзяўчатак з раньняга дзяцінства апранаюць маску «сапраўднай жанчыны», і гэта звычайна ня лічыцца чымсьці непрыстойным ці ўвогуле небясьпечным. Аргумэнты супраць такіх конкурсаў прыгажосьці натыкаюцца на сьцяну неразуменьня: «А там жа яшчэ і творчыя конкурсы!», «А што кепскага ў тым, што дзяўчынка хоча быць прыгожай?». Але ж ненармальнасьць дэфіле васьмігадовых дзяўчат у вечаровых сукенках мне падаецца настолькі відавочнай, што часам яе нават цяжка патлумачыць.

Няма нічога кепскага ў жаданьні дзяўчынкі быць прыгожай (што б яна ні мела пры гэтым на ўвазе), і большасьць з нас праходзіла праз этап апрананьня маміных рэчаў і карыстаньня яе касмэтыкай — мы спрабавалі розныя вобразы, і гэта нармальна. Ненармальным гэта становіцца тады, калі вобразы перастаюць быць дзіцячай гульнёй і становяцца сур’ёзнай мэтай, якую для дзяўчат вызначаюць дарослыя людзі.

З часам гэтыя дарослыя зусім забываюць, што вучылі дзяўчат «быць прыгожымі», «паводзіць сябе як дзяўчынка», «выглядаць як дзяўчынка» і іншым рэчам. Яны ў выніку шчыра ўпэўнены, што дзяўчаты з такімі жаданьнямі і навыкамі нарадзіліся, і што гэта нешта, абумоўленае прыродай. Гэтыя ж дарослыя, як правіла, ня бачаць сувязі паміж дзіцячымі конкурсамі прыгажосьці і падлеткавай анарэксіяй і іншымі разладамі харчовых паводзінаў, ня бачаць сувязі з распаўсюдам булінгу і падлеткавых дэпрэсій, а таксама суіцыдальных думак і спробаў.

Але менавіта дарослыя ствараюць гэты сьвет, у якім дзяўчатак з першых гадоў жыцьця вучаць, што яны будучыя жанчыны, а, значыць, мусяць адпавядаць пэўным чаканьням. І часам гэтыя чаканьні, прад’яўленыя дзяўчатам, выглядаюць зусім абсурдна. Мне, напрыклад, цяжка ўявіць, чым менавіта кіраваліся маркетолагі брэндаў Bonfesto і Conte, калі разьмяшчалі рэкляму сыроў на ўпакоўцы дзіцячых калготак, ды яшчэ і са словамі «Здаровае харчаваньне зьяўляецца важным складнікам формулы прыгажосьці і здароўя любой дзяўчыны».

Калі што, я ўсімі рукамі і нагамі за збалянсаванае здаровае харчаваньне, але ж тут ключавую ролю грае кантэкст. Гэта дзіцячыя калготы, у тым ліку разьлічаныя на пяцігадовых дзяўчатак. Ужо ў дашкольным узросьце дзяўчынку трэба прывучаць быць прыгожай? Дзякуй, што не дапісалі «інакш у калготы ня ўлезеш». Праўда, дадалі рэцэпт рататуя. Вельмі дарэчная рэкляма на дзіцячых калготах, проста геніяльны падыход!

Вядома ж, усе паведамленьні, якія атрымліваюць дзяўчаты праз конкурсы прыгажосьці ці такую вось рэкляму можна лічыць драбязой, якая ні на што не ўплывае — ні на масавую жаночую незадаволенасьць сваім целам, ні на распаўсюд шарлатанскіх і нятанных мэтодык пахудненьня, ні на тое, што безьліч людзей па ўсім сьвеце не атрымліваюць адэкватнай мэдычнай дапамогі, бо дактары сьпісваюць усе іх праблемы на лішнюю вагу. А яшчэ гэта ўсё ніяк не зьвязана з ростам прыбытку ў так званай індустрыі прыгажосьці і — асобна — плястычнай хірургіі. Можна ўпарта адварочвацца, каб ня бачыць сувязі паміж наўпрост зьвязанымі рэчамі, але гэтая сувязь нікуды ня зьнікне.

Мне ня трэба далёка хадзіць — я сама досыць доўга лічыла, што няма ў такіх паведамленьнях для дзяцей нічога страшнага, што гэта ўсё гульня, што яны не ўспрымаюць гэта сур’ёзна. А потым я ўбачыла, як дачка маіх знаёмых за месяц да выпускнога зь дзіцячага садку стала цалкам сур’ёзна казаць, што трэба схуднець, каб быць прыгожай на гэтым самым выпускным.

Ёй было пяць гадоў. Паводле прынятых узроставых нормаў у яе быў недахоп масы цела, але бацькі ўхвалялі яе ідэю і прапанавалі распрацаваць нізкакалярыйнае мэню. І ўсё гэта было цалкам сур’ёзна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG