Алег Сянцоў — украінскі рэжысэр, прадусар, сцэнарыст, пісьменьнік, актывіст руху «За адзіную краіну» ў Крыме.
Сянцоў знаходзіцца ў зьняволеньні з траўня 2014 году. Яго асудзілі на 20 гадоў турмы паводле абвінавачваньня ў тэрарызьме. Сянцоў ніколі не прызнаваў сваёй віны. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітвязьнем.
Хроніка зьняволеньня
10 траўня 2014 году супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі затрымалі Алега Сянцова каля ўваходу ў ягоны дом у Сімфэропалі. Паводле яго словаў, супрацоўнікі спэцслужбаў даставілі яго ў аддзяленьне былой Службы бясьпекі Ўкраіны з торбай на галаве, білі, душылі, дапытвалі каля чатырох гадзін. Раніцай Сянцова даставілі дадому на ператрус, дзе ён даведаўся, што гэта супрацоўнікі ФСБ.
19 траўня Сянцоў ужо знаходзіўся ў сьледчым ізалятары Ляфортава ў Маскве. Яго абвінавацілі ў стварэньні крымскага аддзяленьня ўкраінскай арганізацыі «Правы сэктар». Разам зь Сянцовым як «саўдзельніка» судзілі Аляксандра Кольчанку.
Сьледчыя сьцьвярджалі, што Сянцоў кіраваў тэрарыстычнай арганізацыяй, якая рыхтавалася падарваць помнік Леніну ў Сімфэропалі і ў красавіку 2014 падпаліла офіс партыі «Единая Россия» ў Сімфэропалі (былы офіс Партыі рэгіёнаў). Ніхто не пацярпеў, а ўрон ад падпалу ацэньваўся ў 200 тысяч рублёў.
У студзені 2015 актывісту дадаткова вылучылі абвінавачаньне ў «незаконным захоўваньні зброі і боепрыпасаў». Сянцова назвалі грамадзянінам Расеі. Ён заяўляў, што лічыць сябе грамадзянінам Украіны, ніколі не атрымліваў расейскага пашпарта і захоўвае ўкраінскі.
З 13 лістапада 2017 Алег Сянцоў знаходзіўся ў калёніі № 8 «Белы мядзьведзь» у Лабітнангі (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга Расеі).
У траўні 2018 Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку.
Пасьля гэтага Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Ягланд накіраваў афіцыйную просьбу прэзыдэнту Расеі аб памілаваньні ўкраінскага рэжысэра.
Глябальная кампанія па падтрымцы палітвязьня #SaveOlegSentsov пачалася ў чэрвені 2018. У рамках акцыі сотні тысяч чалавек удзельнічалі ў маршах, мітынгах, дэманстрацыях, зваротах у сацыяльных сетках, тэлепраграмах і культурных імпрэзах.
За час знаходжаньня ў турме Алег Сянцоў быў уганараваны дзяржаўнымі ўзнагародамі Ўкраіны: Ордэнам за мужнасьць І, ІІ і ІІІ ступені, Нацыянальнай прэміяй Шаўчэнкі. У дадатак да гэтых Сянцоў атрымаў 11 іншых міжнародных узнагарод і прэмій, у тым ліку прэмію імя Сахарава за свабоду думкі.
24 жніўня 2019 Алег Сянцоў атрымаў сваю апошнюю ўзнагароду ў турме — прэмію «Нэптун» Фэстывалю салідарнасьці мастацтваў ў Польшчы, які арганізатары прысьвяцілі яму.«Сучаснасьць часта несправядлівая, гісторыя справядлівая заўсёды — з цягам часу ўсё заўсёды стае на свае месцы і называецца сваімі імёнамі».