Пра гэта паведамляе Meduza са спасылкай на телеграм-канал журналіста.
Паводле словаў Азара, яго затрымалі па адміністрацыйным артыкуле аб парушэньні правілаў масавых мерапрыемстваў (20.2 КаАП).
«Паклаў дзіця спаць, выйшаў папаліць на балькон, зь лесьвічнай пляцоўкі выйшлі тры паліцыянты і заявілі, што я затрыманы па 20.2. Прама ў хатняй адзежы і тапках павялі ў машыну. Тое, што дома засталося адно дзіця, якому няма і двух гадоў, іх не хвалюе», — напісаў Азар ў Telegram.
Ільлі Азару 35 гадоў, ён зьяўляецца ўласным спэцыяльным карэспандэнтам «Новой газеты». Ён таксама зьяўляецца муніцыпальным дэпутатам. Гэтым летам падчас удзелу ў масавых акцыях за справядлівыя выбары ў Маскоўскую думу Ільлю Азара ўжо затрымлівалі.
Таксама сёньня ў Маскве супрацоўнікі паліцыі затрымалі члена Фонду барацьбы з карупцыяй Мікалая Ляскіна. Апазыцыянэр паведаміў у сваім акаўнце ў твітэры, што да яго ўжылі грубую фізычную сілу і прывезьлі ў АУС Мяшчанскае.
Перад затрыманьнем Ляскін паведаміў, што яго спынілі супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы і пачалі правяраць дакумэнты нібыта на прадмет штрафаў. На думку апазыцыянэра, яны спэцыяльна цягнулі час.
31 жніўня Ляскін удзельнічаў у няўзгодненым шэсьці, якое прайшло ў цэнтры Масквы. У панядзелак стала вядома, што з прычыны акцыі была заведзеная адміністрацыйная справа аб парушэньні закону аб мітынгах.