Дарадца прэзыдэнта ЗША Дональда Трама Джон Болтан, які ў чацьвер сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, праводзіць сёньня ў Варшаве перамовы з сакратаром Савету бясьпекі Беларусі Станіславам Засем. Пра гэта сьведчыць здымак і подпіс да яго, які Болтан разьмясьціў у сваім Твітары.
«Я вельмі рады пачаць сёньня ў Варшаве размову з маімі польскімі, украінскімі і беларускімі калегамі. Мы падзяляем агульныя праблемы з нагоды стабільнасьці ў рэгіёне і імкнемся да ўмацаваньня сувэрэнітэту і бясьпекі нашых дзяржаў», — напісаў дарадца Трампа.
Здымак зроблены ў сядзібе Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы. Гэта польская дзяржаўная ўстанова, якая займаецца рэалізацыяй задачаў па нацыянальнай бясьпецы. Яна падпарадкоўваецца прэзыдэнту Польшчы.
Як паведамляе сайт Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы, учора яго кіраўнік Павэл Солях сустракаўся з Засем, а таксама намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Алегам Краўчанкам і паслом Беларусі ў Польшчы Ўладзімерам Чушавым. На сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні двухбаковых дачыненьняў і рэгіянальнай бясьпекі.