Найбуйнейшы ў сьвеце апэратар сувязі па колькасьці абанэнтаў China Mobile вывучае магчымасьць інвэстыцый у беларускія праекты, паведамляе БелаПан са спасылкай на пасольства Беларусі ў Кітаі.
Гэтае пытаньне абмяркоўвалася 28 жніўня на сустрэчы пасла Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы Кірыла Рудога з выканаўчым віцэ-прэзыдэнтам кампаніі China Mobile Лі Чжэнмао.
«У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі пэрспэктывы супрацоўніцтва ў сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій, правядзеньне сумеснага IT-форуму ў 2020 годзе, а таксама магчымасьці прыцягненьня прамых кітайскіх інвэстыцый у беларускія высокатэхналягічныя праекты», — гаворыцца ў паведамленьні.
У China Mobile Limited звыш 900 млн. ананэнтаў. Яна зьяўляецца найбуйнейшай кампанія і зарэгістраваная ў Ганконгу. Кантроль над China Mobile належыць кітайскаму ўраду (Міністэрству інфармацыйных тэхналёгій Кітая).
Болтан казаў Лукашэнку пра небясьпеку тэхналягічнага супрацоўніцтва з Кітаем
Пра кітайскія праекты ў Беларусі з Аляксандрам Лукашэнкам у пятніцу размаўляў дарадца Дональда Трампа ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан. Перад вылетам зь Менску ён заявіў пра небясьпеку тэхналягічнага супрацоўніцтва з Кітаем:
«Мы гаварылі пра пагрозу пятага пакаленьня тэлекамунікацый ад такіх кампаній, як Huawei. Я зьвярнуў увагу прэзыдэнта на краму Huawei, па дарозе з аэрапорта ў Палац незалежнасьці, якую мы праязджалі - наўпрост тут у Менску».
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп падпісаў у траўні распараджэньне, якое забараняе амэрыканскім кампаніям выкарыстоўваць тэлекамунікацыйнае абсталяваньне, вырабленае кампаніямі, якія ўяўляюць рызыку для нацыянальнай бясьпекі.
Распараджэньне мае спасылку на Закон аб надзвычайных эканамічных паўнамоцтвах, які дае прэзыдэнту права рэгуляваць гандаль у адказ на асаблівае становішча, якое пагражае ЗША.
У загадзе Трампа ня згадваюцца імёны канкрэтных вытворцаў. Аднак, на думку шэрагу экспэртаў, ён тычыцца найперш кітайскай кампаніі Huawei Technologies, чыё абсталяваньне, як мяркуецца, можа мець «дзіркі» ў бясьпецы, наўмысна створаныя на загад уладаў Кітаю для шпіянажу і перапраўкі інфармацыі. Huawei катэгарычна адрынае такія абвінавачваньні.