Каб падкараціць чаканьне, пакуль «Беларусьфільм» рыхтуе фільм пра беларускае адраджэньне «Купала» і расейская студыя здымае ў Беларусі сваю вэрсію нашумелага сэрыялу «Чарнобыль», рэкамэндуем вам паглядзець некаторыя галівудзкія кінапрэм’еры гэтай восені.
1. «Ford супраць Ferrari» (Ford v Ferrari)
Год 1966. Кампанія Ford Motor Company мае намер зрабіць немагчымае: перамагчы Энца Фэрары ў «24 гадзінах Ля-Мана», галоўнай аўтагонцы сьвету. У той час аўтагонкі і распрацоўкі аўтамабіляў былі надзвычай небясьпечныя, а суперніцтва паміж кампаніямі стала асабліва вострым пасьля таго, як Энца Фэрары ў апошні момант адхіліў прапанаванае Фордам паглынаньне Фэрары. Заснаваная на рэальных падзеях карціна «Ford v Ferrari» зьвяртаецца да гонкі супраць часу, машын і чалавека.
2. «Яно 2» (It Chapter Two)
Яно адбываецца зноў. Праз дваццаць сем гадоў пасьля таго, як Біл, Бэў, Бэн, Майк, Эдзі, Стэн і Рычы перамаглі Танцуючага клоўна Пэнівайза, клюб няўдачнікаў зьбіраецца зноў, каб супрацьстаяць тагасьветнай істоце з каналізацыі. Але калі дзіцячае ўяўленьне і вера дазволілі «няўдачнікам» перамагчы ў першы раз, то змагацца з монстрамі дарослага жыцьця значна цяжэй.
3. «Шчыгол» (The Goldfinch)
«Шчыгол» — гэта экранізацыя аднайменнага раману Донны Тарт, які атрымаў Пуліцэраўскую прэмію ў 2014 годзе. Фільм распавядае пра жыцьцё маленькага хлопчыка Тэа Дэкера, які страціў маці падчас тэракту ў нью-ёркскім Мэтраполітэн-музэі. Сам ён цудам выжывае і атрымлівае ад загадкавага старога чалавека, які памірае, рэдкую карціну з загалоўным шчыглом і кольца, якія міжволі ўцягваюць Тэа ў кругаварот небясьпечных падзей.
4. «Анёлы Чарлі» (Charlie’s Angels)
Рымэйкі легендарных фільмаў апанавалі Галівуд гэтай восеньню. Чарга дайшла і да «Анёлаў Чарлі» — праз 16 гадоў фанаты зноў хапаюць анёльскую ліхаманку, пакуль новае пакаленьне знаёміцца з культавым трылерам і новымі гераінямі, якіх граюць Крыстэн Сцюарт, Наомі Скот і Эла Балінска. Іншае забойнае жаночае трыё — Лана Дэль Рэй, Майлі Сайрус і Арыяна Грандэ — запісалі новую песьню для фільму.
5. «Джокер» (Joker)
Пайсьці па сьлядах непараўнальнага Гіта Лэджэра ў ролі Джокера ў «Цёмным рыцары» — гэта няпростая задача. Але, мяркуючы па трэйлеры, актор Хаакін Фэнікс спраўляецца зь лёгкасьцю. Але ці зможа Джокер Фэнікса быць яшчэ больш цёмным, чым Лэджэра? Пабачым.
«Джокер» тэхнічна не адносіцца да «Пашыранага сусьвету DC», таму сьмела можаце глядзець яго, нават калі вы не знаёмыя з 10 тысячамі іншых фільмаў паводле коміксаў.
6. «Zомбілэнд: Кантрольны стрэл» (Zombieland: Double Tap)
Лепш пазьней, чым ніколі. Праз дзесяцігодзьдзе пасьля выхаду хорар-камэдыі 2009 году «Zомбілэнд» нарэшце выходзіць доўгачаканы працяг «Zомбілэнд: Кантрольны стрэл». Зьняты праз дзесяць гадоў пасьля падзей у першапачатковым фільме (хаця вы нават і не здагадаліся б, убачыўшы ў трэйлеры Джэсі Эйзэнбэрга, які зусім не пастарэў), «Кантрольны стрэл» вяртаецца да пост-апакаліптычных прыгодаў ацалелых. Зьяўляюцца новыя сябры, забіваюцца новыя зомбі, паглынаюцца новыя Twinkies — так што рыхтуйцеся сьмяяцца і жахацца.
7. «Да зорак» (Ad Astra)
У фантастычнай драме «Да зорак» Брэд Піт грае касманаўта Роя Макбрайда, які шукае зьніклага бацьку і адказу на таямніцу, што пагражае жыцьцю на Зямлі.
8. «Халоднае сэрца» (Frozen 2)
Прайшло цэлых шэсьць гадоў з часу выхаду мэга-хіта Disney «Халоднае сэрца». Але калі вы былі на дні нараджэньня чатырохгадовага дзіцяці, то вы выдатна разумееце, што любоў да прынцэсаў Эльзы і Ганны не патухла. Шчыра кажучы, я і сама ўзрадавалася, калі даведалася, што ўжо ў лістападзе прынцэсы будуць ратаваць лядовае каралеўства Арындэль. Па ўсёй верагоднасьці, зьявіцца і новы хіт, які вы ня зможаце «адпусьціць і забыць» на працягу наступных шасьці гадоў.
Падрыхтавала Кацярына Яроміч