Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзёр зноў зафіксаваны ў чатырох краінах Эўропы, якія раней былі перамаглі захворваньне


Ілюстрацыйнае фота. Хворы на адзёр
Ілюстрацыйнае фота. Хворы на адзёр

Чатыры эўрапейскія краіны пазбавіліся статусу краінаў, якія перамаглі адзёр, паведаміла Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ). Паводле арганізацыі, хвароба вярнулася ў Альбанію, Харватыю, Чэхію і Вялікую Брытанію.

За першае паўгодзьдзе 2019 году ў Эўропе адзначана каля 90 тысяч выпадкаў захворваньня на адзёр. Гэта больш, чым за ўвесь 2018 год. Вяртаньне хваробы можа прывесьці да новых сьмяротных выпадкаў, адзначаюць у СААЗ.

28 жніўня кіраўнік Нацыянальнага цэнтру імунізацыі ЗША Нэнсі Мэсанье заявіла, што неўзабаве статусу краіны, якая перамагла адзёр, могуць пазбавіцца Злучаныя Штаты, перадае CBS.

У сьвеце са студзеня 2019 году было пацьверджана больш за 360 тысяч выпадкаў адру, і гэта найвышэйшы паказьнік з 2006 году. Найбольш пацярпелымі СААЗ называе ДР Конга, Мадагаскар і Ўкраіну.

У 2019 годзе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя назвала адмову ад прышчэпак глябальнай пагрозай здароўю. Экспэрты адназначна зьвязваюць усплёск захворваньняў з пашырэньнем ідэалёгіі адмовы ад вакцынацыі.

У Беларусі, за першае паўгодзьдзе 2019 году ў Беларусі зафіксавана 128 пацьверджаных выпадкаў захворваньня на адзёр: 24 выпадкі — у Менску, 21 — у Гомельскай вобласці, 29 — у Горадзенскай, 17 — у Берасьцейскай, 20 — у Віцебскай, 14 — у Менскай, 3 — у Магілёўскай.

Адзёр — адна з самых заразных вірусных інфэкцый. Перадача ідзе ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Сымптомамі зьяўляюцца высокая тэмпэратура, кашаль, боль у горле, сып і запаленьне сьлізістай абалонкі вачэй.

Найбольш небясьпечны адзёр для дзяцей — у іх самы высокі шанец памерці. Адзіны спосаб абароны ў гэтым выпадку — вакцынацыя.

У Беларусі прадугледжаныя прафіляктычныя прышчэпкі ад адру ў 1 год і ў 6 гадоў. Абарону забясьпечваюць менавіта дзьве прышчэпкі. Мэдыкі раяць, калі зьвестак аб прышчэпках няма або вядома толькі пра адну прышчэпку ад адру, ці вы не хварэлі на адзёр раней, варта зрабіць прышчэпку нават даросламу не пазьней як за месяц да паездкі ў іншую краіну, дзе цяпер неспрыяльная эпідэміялягічная сытуацыя.

Усплёск захворваньня на адзёр у Эўропе пачаўся некалькі гадоў таму, аднак піку дасягнуў у 2018 годзе: тады было зафіксавана ўжо больш за 52 тысячы выпадкаў захворваньня на адзёр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG