Жыхар Мазыра, інвалід-вазочнік Віталь Кавалёў ваяваў зь мясцовымі ўладамі за пад’ёмнік у сваім пад’езьдзе. Калі зразумеў, што ніхто яму не дапаможа, змайстраваў прыстасаваньне, каб выбірацца на вуліцу праз вакно другога паверху. Сваёй вынаходкай ён сёньня падзяліўся з Аляксандрам Лукашэнкам — даслаў ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта.
Здымкамі незвычайнага прыстасаваньня падзяліўся старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шаўко.
Віталь Кавалёў жыве ў старой частцы раённага цэнтру — на «Станцыі „Мазыр“», на другім паверсе бараку, якому каля 80 гадоў. Сем гадоў мазырчук мае інваліднасьць і ня можа ў вазку спускацца на вуліцу.
Віталь зазначыў у камэнтары Свабодзе, што ня раз зьвяртаўся да мясцовых уладаў з просьбай усталяваць у доме пад’ёмнік. Яму адказвалі, што ў старым драўляным доме гэта зрабіць немагчыма.
«Лісты мае перасылалі камунальнікам, у сацыяльную службу, але вынік быў адзін — адпіскі. Футболілі туды-сюды. Калі яны мне адмовілі і апошняя надзея на ўладу скончылася — я прыдумаў сам гэтае прыстасаваньне, бо маю тэхнічную адукацыю. Купіў лябёдку, папрасіў суседа дапамагчы, паставіў яму задачу — вось і зрабіў такі „пад’ёмнік“. Тут шмат чаго яшчэ можна ўдасканаліць, дарабіць. Або я іх [чыноўнікаў] дараблю, або пад’ёмнік — адно з двух», — кажа Віталь.
Трапіць праз вакно на вуліцу яму дапамагае знаёмая жанчына, якая ўмее кіраваць прыстасаваньнем. Іншым людзям Віталь свой агрэгат не давярае. Аднак знаёмая можа наведваць Віталя толькі раз на тыдзень. Таму толькі ўвечары ў панядзелак ён можа трапіць на вуліцу. Працэс Віталь зьняў на фота, здымкі даслаў сёньня электронным лістом кіраўніку Беларусі.
«Патлумачыў у лісьце сваю сытуацыю. Спытаўся, як мне жыць далей», — дадаў Віталь.