Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанію Johnson & Johnson аштрафавалі на 572 млн даляраў за распальваньне наркатычнага крызісу


Судзьдзя штату Аклагома абавязаў адну з найбуйнейшых фармацэўтычных кампаніяў сьвету Johnson & Johnson выплаціць 572 млн даляраў для ліквідацыі наступстваў апіёіднага крызісу ў штаце, да стварэньня якога, на думку судзьдзі, спрычынілася кампанія, паведамляе Reuters.

26 жніўня судзьдзя прызнаў фірму вінаватай у прымяншэньні небясьпекі яе апіёідных супрацьболевых прэпаратаў, якія могуць выклікаць залежнасьць, што прывяло да некантраляванага росту іх спажываньня і сьмерці тысяч людзей. На судзе генэральны пракурор Аклагомы Майк Гантэр заявіў, што перадазаваньне апіёідамі забіла 4653 чалавек у штаце Аклагома з 2007 па 2017 год.

Штраф значна меншы за 17 мільярдаў даляраў, якіх патрабавалі ўлады штату ў судовым пазове, але ён павышае шанцы іншых пазоўнікаў ува ўсёй краіне, якія выставілі больш за 1500 аналягічных пазоваў да Johnson & Johnson.

Адвакаты Johnson & Johnson адпрэчваюць адказнасьць кампаніі за рэзкі рост спажываньня апіёідаў і абскарджвацьмуць рашэньне ў вярхоўным судзе штату.

Перад пачаткам судовага разбору штат Аклагома таксама заключыў дамовы з двума іншымі буйнымі вытворцамі апіёідных лекаў, якія пагадзіліся заплаціць штраф без судовага разбору: кампанія Purdue Pharma пагадзілася заплаціць 270 мільёнаў даляраў кампэнсацыі, ізраільская кампанія Teva Pharmaceutical — 85 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG