Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2


19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Вуліца, дзе жыла настаўніца Марына Пархімовіч, завецца Цэнтральнай. Насамрэч гэта гарадзкая ўскраіна. Яшчэ пару гадоў таму, пакуль побач не збудавалі спальны мікрараён, яна была канцом гораду. За ёй віднела толькі калгаснае поле і коміны філіялу Менскага маторнага заводу, які прыцягваў у горад маладыя сілы.

Назва вуліцы — гэта помнік савецкай наіўнасьці. Бальшавікі-футурысты і сапраўды верылі, што крайняя вуліца неўзабаве стане цэнтральнай ва ўсіх сэнсах. Таму яна і рабілася з размахам праспэкту. Нават некалькі дзевяціпавярховікаў пабудавалі. У адным зь іх і жыла Марына Пархімовіч з мужам.

Падʼезд яе дому глядзіць на поўнач, у напрамку роднай вёскі Шашкі за 20 км ад Стоўпцаў, дзе яна скончыла школу з залатым мэдалём. Адтуль паехала вучыцца ў Менск і скончыла там пэдагагічны інстытут. Са сталіцы маладая настаўніца трапіла ў вясковую школу ў Хатаве, паміж Стоўпцамі і Івянцом, але неўзабаве пераехала ў раённы цэнтар. Тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам, нарадзіла сына і дачку і засталася ў гэтым горадзе назаўсёды. Цяпер яна вернецца ў Шашкі. Яе пахаваюць у роднай вёсцы.

Шлях на працу ад яе кватэры ў процілеглым канцы Стоўпцаў заняў каля 15 хвілін. Каля касьцёла-даўгабуда ўправа, на вуліцу Ленінскую, і па ёй практычна да самой школы, мінуўшы Сацыялістычную, прайшоўшы непадалёк ад абноўленага бюста Дзяржынскага, а каля Дома культуры — паўз камень «Горад міру».

Па дарозе яна сустрэла сяброўку з райвыканкаму, але часу на размову амаль ня мела, бо ўжо пазьнілася.

«Будзь асьцярожная, — крыкнула ёй усьлед сяброўка. — Сьлізка».

Апошні шлях вучня-ахвяры

У іншым канцы калідора, на тым самым трэцім паверсе, у сваю клясу празь некалькі хвілін увайшоў адзінаццаціклясьнік Аляксандар Раманаў. Яго, як звычайна, прывёз у школу бацька. Са школы Саша вяртаўся сам. Калі ісьці пешкі, гэта амаль увесь час проста па вуліцы Гагарына.

На аўто зь іхнага дому на самай ускраіне Стоўпцаў да школы — некалькі хвілін, праз цэнтральны пляц зь Леніным. Хоць у Стоўпцах цяжка акрэсьліць, дзе ў гораду цэнтар, дзе яго сэрца.

Вуліцы і плошчы раскіданыя вельмі хаатычна. Калі меркаваць па гарадзкім пляне, сёньня цэнтар недзе на Сацыялістычнай вуліцы, што вядзе праз усе Стоўпцы на вакзал.

Калісьці тут быў звычайны эўрапейскі цэнтар непадалёк ад берагу Нёмна, з кірмашом, касьцёлам, царквой і сынагогай, міжваеннымі камяніцамі на Рынкавым пляцы. Але, езьдзячы ў школу, Саша бачыў зусім іншы краявід.

На былым стаўпецкім кірмашы сёньня стаіць драўляны кінатэатар у стылі савецкага футурызму. Яго будавалі палонныя немцы пасьля вайны. Макіяж на польскіх камяніцах гаворыць пра стан сучасных Стоўпцаў лепш, чым любая статыстыка. Калі б іх былыя гаспадары ўсталі з магілаў, то ня ўбачылі б, пэўна, ніякай розьніцы з тых часоў, калі іх выцягвалі з дамоў і гналі ў гета.

Побач з гэтым месцам і стаіць школа № 2. Толькі сёньня гэта ўжо ўскраіна, і нічога тут не нагадвае, што гісторыя Стоўпцаў налічвае прынамсі паўтысячы гадоў.

— Так, як і паўсюль у Беларусі, — кажа мне адзін стаўпецкі жыхар.

Але гэтае апраўданьне Стоўпцам гучыць хутчэй як прысуд беларускай правінцыі.

Час да званка на ўрок Саша Раманаў правёў у клясе. Як звычайна, чытаў за партай. Пасьля званка ён скончыў чытаць. Першай па раскладзе мелася быць матэматыка.

Шлях вучня-забойцы

У панядзелак, 11 лютага, найбліжэй ад дому да школы, у параўнаньні з Марынай Пархімовіч і Сашам Раманавым, было Вадзіму М. Найдаўжэйшы адрэзак ён прайшоў менавіта па Гагарына, дзе стаіць ягоны дом.

Гэта вуліца прыватных аднапавярховых дамоў, якая вядзе да той самай плошчы, на якой калісьці стаяла сынагога, а побач вялізны касьцёл сьвятога Казіміра. Касьцёла больш няма, а ў сынагозе — камунгас, дзе працуюць бацькі Вадзіма. Але ёсьць Ленін з працягнутай рукой. Калі пайсьці ў напрамку ленінскай рукі, то за 300 крокаў можна дайсьці да школы № 2.

Вуліца Міцкевіча, на якой яна стаіць, — як белая варона сярод пераважна савецкай тапаграфіі гораду. Побач вуліцы Танкістаў, Ленінская, Цэткін, Камсамольская, Чапаева, Калгасная.

Дарога заняла ў Вадзіма ня больш за 10 хвілін. У 7.40 дзесяціклясьнік ужо быў на трэцім паверсе. Паставіў заплечнік і выйшаў з кабінэту. Калі празьвінеў званок, Вадзіма ў клясе не было. Празь некалькі хвілін дзьверы адчыняцца, і ён увойдзе. Хлопец моўчкі наблізіцца да настаўніцкага стала, гледзячы на Марыну Пархімовіч.

— Што? — пытаецца настаўніца.

Бяз слова ў адказ школьнік пачынае наносіць ёй удары нажом. Заступіцца за яе спрабуюць два іншыя вучні. Вадзім М. раніць іх, выходзіць з кабінэту і кіруецца па доўгім калідоры ў процілеглы канец школы.

Ён заходзіць у 11-ю клясу, моўчкі крочыць уздоўж сьцяны некалькі мэтраў, мінае настаўніцкі стол і дзьве чарговыя парты, дзе па краях сядзяць дзяўчаты. З краю трэцяй парты сядзіць Саша Раманаў. Нападнік бярэ яго за валасы і наносіць удары ў сонную артэрыю. За гэтыя некалькі сэкундаў Вадзім не прамовіць аніводнага слова і выйдзе з клясы.

У 8.05 пра здарэньне паведамяць у міліцыю. Праз 2 гадзіны і 5 хвілін крымінальны вышук і АМАП затрымаюць Вадзіма за кілямэтар ад школы. Падчас затрыманьня ён не супраціўляўся.

Афіцыйна

Сьледчы камітэт аднавіў храналёгію падзей 11 лютага. У гэтым дапамаглі відэакамэры назіраньня, паказаньні абвінавачанага, сьведак і пацярпелых.

Выявілася, што абвінавачаны:

  • незадоўга да забойстваў ударыў малатком аднаклясьніка, але абышлося нязначнай ранай;
  • меў пры сабе ня толькі малаток і нож, але і «піратэхнічныя вырабы»;
  • напаў на настаўніцу і вучняў, «дэманструючы сваю ўяўную перавагу і выключнасьць адносна навакольных»;
  • у школьным кабінэце нанёс настаўніцы «ня менш за два» ўдары нажом, выбег з кабінэту, нанёс раненьні двум аднаклясьнікам, якія спрабавалі яго спыніць, зайшоў у іншы кабінэт і нанёс удары нажом вучню 11 клясы;
  • выйшаў у калідор, пагражаў нажом намесьніку дырэктара і настаўніку біялёгіі, спусьціўся ў вэстыбюль, пагражаў нажом аднаклясьніцы, падрапаў ёй тым нажом шыю, уцёк;
  • паводле псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы, «мог у поўнай ступені асэнсоўваць значэньне сваіх дзеяньняў і кіраваць імі».

5 ліпеня Сьледчы камітэт паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня.

Абвінавачаньне 16-гадоваму Вадзіму М. было выстаўлена паводле трох артыкулаў:

  • забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх матываў (ч. 2 арт. 139 КК РБ);
  • замах на забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх матываў (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 КК РБ);
  • асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт.139 КК РБ).

Сьледзтва аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе працягвалася пяць месяцаў. Але ня ўсім у горадзе яго высновы былі цікавыя. Бо шукаць адказы на галоўныя пытаньні там пачалі адразу пасьля забойства.

Працяг будзе

Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org

Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Частка 1. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы

Частка 2. Пахаваньне настаўніцы

Частка 3. Пахаваньне вучня

Частка 4. Чумная зямля

Частка 5. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2

Частка 6. Дом, дзе вырас забойца

Частка 7. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра

Частка 8. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»

Частка 9. Чаму шкадуюць забойцу

Частка 10. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі

Частка 11. Як жыхары Стоўпцаў шукалі прычыну трагедыі

Частка 12. Кароткая гісторыя Беларусі

Частка 13. Месца злачынства

Частка 14. Альтэрнатыўныя вэрсіі трагедыі ў Стоўпцах

Частка 15. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»

Частка 16. Горад у дэпрэсіі, бо людзі ў сабе

Частка 17. Стаўпецкі антыдэпрэсант

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG