Гомельскі блогер Максім Філіповіч, які займеў папулярнасьць на хвалі «дармаедзкіх» пратэстаў у Беларусі, заявіў, што зьехаў за мяжу. «Ганіць мяне, я думаю, будзе няправільна. Я лічу, што маю права, бо я хоць нешта рабіў», — сказаў у відэа блогер.
Максім Філіповіч і ягоная жонка Юлія пакуль недасяжныя для камэнтароў. У Філіповічаў ёсьць дачка-школьніца.
Паводле праваабаронцаў зь «Вясны», Максім Філіповіч паехаў на трохдзённы сэмінар па бясьпецы ў Грузіі. Цяпер блогер знаходзіцца ў Тбілісі, раніцай 21 жніўня ён выступаў на сэмінары. Пра ягоныя намеры не вяртацца ў Беларусь праваабаронцам нічога не вядома.
Апошнім часам блогер і ягоная жонка ня мелі сталай працы. У сваіх відэа Максім Філіповіч сьцьвярджаў, што сям’я ня можа знайсьці працу, бо ўлада помсьціць за актыўную грамадзянскую пазыцыю.
На Youtube Максім Філіповіч мае 42 тысячы падпісчыкаў. Ён пачынаў блогерскую дзейнасьць з аглядаў пасылак з Кітаю. Шырокай грамадзкасьці Максім Філіповіч стаў вядомы пасьля актыўнага ўдзелу ў «Маршах недармаедаў», якія прайшлі ўвесну 2017 году ў беларускіх гарадах. За ўдзел у акцыях блогера ня раз прыцягвалі да адміністрацыйных арыштаў. У траўні 2017 году ён правёў у гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня 30 сутак запар — за ўдзел у «Маршах недармаедаў» у Гомлі, Пінску і Маладэчне.
У сьнежні 2018 году Максім Філіповіч правёў у ІЧУ 29 сутак. Спачатку яго пакаралі арыштам на 2 тыдні за канфлікт у краме, які міліцыя трактавала як «дробнае хуліганства». Пасьля адбыцьця пакараньня блогер ня выйшаў на свабоду, бо суд прызначыў яму яшчэ 15 сутак арышту за канфлікт на пажары з ратавальнікам.
Большасьць відэа і стрымаў Максіма Філіповіча былі прысьвечаныя крытыцы ўлады. Звычайна ён здымаў 30-хвілінныя відэа і гадзінныя стрымы. Апошняе, з самалёта «Белавія», было 21 сэкунду — самае кароткае за ўсё яго блогерства.