20 жніўня — роўна 100 гадоў з дня сьмерці Івана Луцкевіча — аднаго з трох бацькоў сучаснай беларускай нацыі. Гэта Вацлаў Іваноўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы.
Менавіта гэтыя тры чалавекі заклалі ў 1903 годзе першую беларускую палітычную партыю — Рэвалюцыйную грамаду. А народ ператвараецца ў нацыю тады, калі для абароны яго інтарэсаў узьнікае група людзей, якая ставіць сабе палітычныя мэты.
Іван Луцкевіч быў сапраўдным лідэрам беларускага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя. Ён нарадзіўся ў сям’і ўдзельніка паўстаньня Каліноўскага, займаўся нелегальнай дзейнасьцю ў часе рэвалюцыі
1905 году, быў сузаснавальнікам першых беларускіх газэт «Наша доля» і «Наша Ніва», заснаваў віленскую беларускую гімназію і першы беларускі навуковы музэй, які пасьля стаў называцца Віленскім беларускім музэем імя Івана Луцкевіча. Менавіта пра гэты музэй Максім Багдановіч некалі захоплена напісаў:
«Гэта ёсьць фундамэнт нашага адраджэньня. Гэта і за тысячу гадоў будзе сьведчыць пра нас».
На жаль, пасьля Другой сусьветнай вайны ўлады савецкай Беларусі адмовіліся ад калекцыі музэю на карысьць Літвы.
Браты Луцкевічы былі ініцыятарамі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.
Я заўсёды думаю пра Івана Луцкевіча, калі хаджу па Празе і гляджу на вуліцы, пляцы і паркі, якія носяць імёны Францішка Палацкага або Францішка Ладзіслава Рыгера. Палацкі і Рыгер заснавалі першую чэскую палітычную партыю — Нацыянальную, якую яшчэ называюць партыяй старачэхаў.
У Празе гэтым дзеячам стаяць вялікія помнікі на вуліцах, пляцах і ў парках, якія носяць іх імёны. Яны пахаваныя на самых вядомых могілках сталіцы Чэхіі — Вышаградзкіх, гэта чэскі нацыянальны пантэон.
А ў Менску летась у парку імя Янкі Купалы ўстанавілі камень на месцы дому, дзе жылі браты Луцкевічы, але зроблена гэта было на ініцыятыву сваякоў. І гэта — усё.
Манумэнтальная прапаганда — важная частка выхаваньня і маладога пакаленьня, і грамадзтва ў цэлым. Каму помнікі стаяць на вуліцах і пляцах — таго людзі і шануюць.
Я вельмі зайздрошчу чэхам і вельмі спадзяюся, што некалі мы ўсё ж станем больш падобныя да іх — і значыць, да саміх сябе.