Суд па справе аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе пачаўся ў судзе Стаўпецкага раёну 19 жніўня. Абвінавачанага Вадзіма М. прывезьлі загадзя, самым ранкам.
Вадзіма М. абвінавачваюць у злачынствах, прадугледжаных · ч. 3 арт. 339 (хуліганства з выкарыстаньнем зброі), · пп.1, 6, 13 ч. 2 арт.139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскімі матывамі), · ч.1 арт.14 (замах на злачынства) і · пп.1, 6, 10, 13 ч. 2 арт. 139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскімі матывамі і забойства асобы ў сувязі з выкананьнем ёй службовых абавязкаў).
Пацярпелымі на працэсе пакуль прызнаныя толькі два чалавекі — муж загінулай настаўніцы Марыны Пархімовіч — Вячаслаў і бацька забітага 11-клясьніка Аляксандра Раманава — Сяргей.
На погляд родных загінулай, самыя вялікія пытаньні выклікае закрытасьць працэсу. Афіцыйна яе тлумачаць тым, што абвінавачанаму на момант зьдзяйсьненьня злачынства не было 18 гадоў. А таксама — што падчас працэсу будуць разгалошаныя зьвесткі пра стан яго здароўя. Ніхто з пацярпелых зрабіць суд закрытым не прасіў. Наадварот.
«Чаму суд закрыты, — кажа сястра загінулай настаўніцы Алена. — У маёй маці пастаянна пытаньне, чаму нікога не пускаюць. Значыць, хаваюць нешта? Я не магу ёй патлумачыць, чаму суд закрыты».