У Менскім гарадзкім судзе 19 жніўня пачаўся разгляд самай вялікай па колькасьці абвінавачаных крымінальнай «справы мэдыкаў».
На лаве падсудных 21 чалавек, зь іх 8 — буйныя кіраўнікі сыстэмы аховы здароўя. Сярод іх дырэктар Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў Аляксандр Сталяроў і ягоны намесьнік Сяргей Зінчанка, генэральны дырэктар «Белфармацыі» Вячаслаў Гніцій. Яны былі затрыманыя за шматлікія хабары і так званыя «адкаты» пры арганізацыі дзяржаўных закупак мэдабсталяваньня для бальніц. Ім інкрымінуецца атрыманьне хабару ў асабліва буйных памерах (артыкул 430 КК). Санкцыя артыкулу прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Некаторыя падсудныя знаходзяцца пад хатнім арыштам.
Упершыню на лаве падсудных разам з супрацоўнікамі сыстэмы аховы здароўя апынуліся і бізнэсоўцы, у папярэдніх судах па «справе мэдыкаў» прадстаўнікі камэрцыйных арганізацый выступалі сьведкамі ў справе.
Судзяць буйных бізнэсоўцаў:
- Сяргея Шакуціна, дырэктара кампаніі «Іскамэд»;
- Леаніда Томчына і Рамана Альтшулера, кіраўнікоў прыватнай аптэчнай сеткі «Аптэка груп»;
- Уладзімера Ладуцьку, заснавальніка «Геол-М», асноўнага хабарадаўцы, які фігураваў у шматлікіх працэсах па справе мэдыкаў.
Бізнэсоўцаў судзяць па артыкулах 431 (дача хабару), 243 (ухіленьне ад сплаты падаткаў), ім пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
У судзе пакуль няма кіраўніка «Белмэдтэхнікі» Аляксандра Шарака, якога затрымалі самым першым, і ў гаражы знайшлі 620 тысяч даляраў разам са слоікамі закатавых памідораў. Пакуль невядома, на якой стадыі расьсьледаваньня ягоная справа.
Бізнэсовец Шакуцін заявіў пра невінаватасьць брата
Набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсовец Аляксандар Шакуцін прыйшоў на суд над сваім братам Сяргеем. У калідоры суду Аляксандар Шакуцін заявіў, што ня верыць у вінаватасьць брата.
«Мой брат вельмі чэсны, сумленны, надзвычай адказны чалавек, ён ніколі нічога нікому нічога дрэннага не зрабіў. З матэрыяламі справы я не знаёмы, таму нічога не змагу пракамэнтаваць», — сказаў Аляксандар Шакуцін журналістам.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.