Паскарэньне гадавой інфляцыі зьвязана з сэзонным ростам цэнаў на плодаагароднінную прадукцыю, гаворыцца ў штомесячным аглядзе Нацбанку Беларусі.
Неспрыяльнае надвор’е, якое сфармавалася ў пачатку ліпеня, прывяло да нехарактэрнага для гэтай пары падаражаньня памідораў (месячны прырост склаў 22,9%).
«У выніку агульнае зьніжэньне цэнаў на плодаагароднінную прадукцыю ў ліпені 2019 году было менш значным, чым годам раней», калі надвор’е было больш спрыяльным, канстатуе Нацбанк.
Гадавы прырост цэн на плодаагароднінную прадукцыю павялічыўся з 4% у чэрвені да 13,1% у ліпені, адзначае Нацбанк. Калі ў чэрвені гадавая інфляцыя ў Беларусі складала 5,6%, то ў ліпені — 6%.
Пра тое, што па выніках ліпеня гадавы рос спажывецкіх цэн паскорыцца, казаў тыдзень таму кіраўнік праўленьня Нацбанка Павел Калавур. Ён тлумачыў гэта рэкордным зьніжэньнем цэнаў на плодаагароднінную прадукцыю ў ліпені 2018 году, а таксама зьмяненьнем тэрмінаў павышэньня тарыфаў на паслугі ЖКГ: сёлета — у ліпені, у 2018 годзе — у верасьні. Пры гэтым Калавур выказаў упэўненасьць, што рост спажывецкіх цэнаў у другой палове году замарудзіцца і па выніках 2019 году інфляцыя будзе каля 5%.
Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, спажывецкія цэны ў ліпені 2019 году ў параўнаньні з чэрвенем вырасьлі на 0,2%, а ў параўнаньні зь ліпенем мінулага году — на 6%.
У 2018 годзе інфляцыя ў Беларусі склала 5,6%. Згодна з афіцыйным прагнозам Нацбанку, у 2019 годзе інфляцыя не перавысіць 5%, а паводле ацэнак Эўразійскага банку разьвіцьця — складзе 5,7%.
У Міністэрстве гандлю Беларусі 10 жніўня адзначылі, што рост цэнаў апераджае рост даходаў насельніцтва: цэны на спажывецкія тавары растуць на 5,5–6,2% у гадавым вымярэньні. Пакуль інфляцыя «ў межах прагназаванай траекторыі», але міністэрства бачыць пагрозу: некаторыя тавары даражэюць на 9–11%, калі рэальныя заробкі растуць на 7,6%, а рэальныя даходы — на 7,2%.