Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«23% вытворчасьці — адзеньне для школьнікаў». Як лёгкая прамысловасьць зарабляе на школьніках


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабода падлічыла, колькі і чаго мусіць набыць школьнік да 1 верасьня і хто на гэтым зарабляе.

Да 588 рублёў будзе каштаваць сёлетнім школьнікам гарнітур у дзелавым стылі, у якім абавязкова трэба хадзіць у школу. А гэта больш за мінімальны заробак (330 рублёў). Такую своеасаблівую школьную форму ў Беларусі ўвялі яшчэ ў сярэдзіне 2000-х гадоў.

«Адзеньне дзелавога стылю» штогод выпускаюць прадпрыемствы Беларусі.

Сёлета, як падлічыла Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня, дзелавы гарнітур для малодшых школьнікаў абыдзецца ў 157–480 рублёў, для старшаклясьнікаў — у 178–588 рублёў. Глядзім, як школьнікі «выцягваюць» лёгкую прамысловасьць Беларусі.

Колькі зарабляюць на школьніках

Калі падлічыць сярэдні кошт гарнітура ў дзелавым стылі і памножыць на колькасьць школьнікаў у Беларусі, атрымаецца 354 мільёны рублёў, або 186 мільёнаў даляраў. Але ня ўсе набываюць форму штогод.

«Беллегпрам» штогод робіць 393 тысячы камплекты адзеньня для школьнікаў — такі адказ Свабодзе далі ў канцэрне. Калі лічыць па сярэдняй цане, то гэта 137 мільёнаў рублёў. Агулам у структуры «Беллегпраму» над гарнітурамі дзелавога стылю і вопраткай для школьнікаў працуюць 10 прадпрыемстваў.

«Швейнымі прадпрыемствамі канцэрну агулам выраблена 393,6 тысячы штук вырабаў калекцый адзеньня дзелавога стылю для вучняў, зь іх 272,8 тысячы штук — адзеньне для дзяўчатак, 120,7 тысячы штук — для хлопцаў. Трыкатажнай галіной да новага школьнага сэзону выраблена 276 тысяч штук вырабаў калекцый дзелавога стылю для вучняў», — адказалі ў «Беллегпраме».

Частка прадукцыі ідзе на экспарт, у асноўным у Расею. Але гэты адсотак ня вельмі вялікі, бо Расея таксама шые свае школьныя гарнітуры. Напрыклад, за мінулы год на экспарт пайшла толькі 141 тысяча гарнітураў (агулам і дарослых, і дзіцячых).

У агульным аб’ёме вытворчасьці гэтых 10 прадпрыемстваў адзеньне для школьнікаў займае 23%. Шыюць яго «Купалінка», «Элод», «Эліз», «Палесьсе» ды іншыя.

Для параўнаньня, чысты гадавы прыбытак швейнай фабрыкі «Эліз» за мінулы год — 53 тысячы рублёў. Гэта 90 дарагіх школьных гарнітураў для старшаклясьнікаў. Але ня толькі гэтыя фабрыкі займаюцца школьным адзеньнем.

Ня толькі школьная форма

Апроч школьнай формы, вучням трэба набыць сшыткі, асадкі, алоўкі ды шмат чаго іншага. На ўсё гэта яшчэ спатрэбіцца каля 30 рублёў. Сюды трэба дадаць спартовы гарнітур, красоўкі, калі патрэбны — заплечнік. Бацькі вучняў розных узростаў расказалі Свабодзе, што зборы абыходзяцца мінімум у 400–500 рублёў уключна з формай.

Гэта 50 мільёнаў рублёў агулам з усіх школьнікаў у Беларусі, або 25 мільёнаў даляраў. Такая сума — як гадавы экспарт агуркоў зь Беларусі ў іншыя краіны.

Як у іншых краінах

Школьная форма — частка выдаткаў бацькоў да 1 верасьня ў Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Аўстраліі. У ЗША школьны стыль адвольны, і там, у некаторых школах, за канцылярскія вырабы бацькі ня плацяць (дакладней — плацяць, але ў выглядзе агульнага падатку). Вось як зборы ў школу апісала беларуска, якая пераехала ў ЗША:

«Праз 2 тыдні мае дзеці зноў пойдуць у школу ў самой капіталістычнай краіне сьвету. Ведаеце, колькі грошай мы забілі ў бюджэт на гэтую падзею? Нуль! Поўны круглы нуль! Мы надзенем прыгожыя шорты, кеды і ярчэйшыя футболкі. Ну, тынэйджар, напэўна, папрэцца ў модных штанах тыпу калготкі. І ўсё! Мы гатовыя! Добры дзень, школа! Усе сшыткі, падручнікі, ручкі, алоўкі, флямастэры ўжо будуць чакаць нас на партах. Не, гэта не бясплатна. Я жыву ў сваім горадзе і маю права вадзіць дзяцей у школу менавіта тут, таму што плачу гораду падаткі, на якія ўтрымліваюцца дарогі, паркі, спартыўныя пляцоўкі, басэйны, школы і шмат што іншае. Я плачу высокія падаткі (дарэчы, па адсотках ніжэй, чым у Беларусі), але бачу, куды яны ідуць.

Калі я раптам вырашу дапамагчы нашай школе, я магу сама купіць прылады па сьпісах на сайце або выпісаць чэк. Але гэта будзе мой выбар!», — напісала Вольга Кіндэль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG