Італьянскі модны дом Versace папрасіў прабачэньня за выпуск у продаж адзеньня, на якім спэцыяльныя адміністрацыйныя раёны Кітаю Ганконг і Макао адзначаны як асобныя дзяржавы.
Газэта China Daily адзначае, што просьба аб прабачэньні зьявілася пасьля жорсткай крытыкі ў сацыяльных сетках Кітаю. З 24 ліпеня кампанія пачала здымаць з продажу і зьнішчаць усю партыю адзеньня з памылкай.
У Versace заявілі, што любяць Кітай і паважаюць яго тэрытарыяльны і нацыянальны сувэрэнітэт.
Футболкі, выявы якіх былі распаўсюджаныя ў сацыяльных сетках, паказвалі пары «горад — краіна», такія як «Мілян — Італія» і «Лёндан — Вялікабрытанія». Былі там і пары «Ганконг — Ганконг» і «Макао — Макао».
Нягледзячы на выбачэньні, ад супрацоўніцтва з Versace адмовілася кітайская акторка Ян Мі, якая была тварам моднага дому ў Кітаі. У нядзелю 11 жніўня яна спыніла кантракт з модным домам, які падпісала ў чэрвені.
- Летась амэрыканскі рэтэйлер Gap папрасіў прабачэньня за продаж футболак, якія, паводле кампаніі, паказалі «няправільную карту» Кітаю. Там быў паказаны толькі мацерыковы Кітай, без Тайваня, які ў Пэкіне лічаць мяцежнай правінцыяй.