Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі зьняла забарону для назіральнікаў рабіць фота на выбарчых участках.
Гэта вынікае з палажэньняў зацьверджанага ў траўні мэтадычнага дапаможніка аб выбарах дэпутатаў для ўчастковых выбарчых камісій, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
«Нягледзячы на тое што Выбарчы кодэкс не гаворыць аб праве назіральнікаў ажыцьцяўляць фатаздымку ў памяшканьні для галасаваньня, варта дазваляць назіральнікам на іхную просьбу зрабіць некалькі фатаздымкаў. Пры гэтым назіральнік не павінен ствараць перашкоды для чальцоў участковай камісіі і выбарнікаў»,— гаворыцца ў дакумэнце.
У дапаможніку таксама гаворыцца, што старшыня ўчастковай камісіі можа загадзя вызначыць месца, зь якога дазволена зрабіць здымкі. Яно павінна быць абазначана паказальнікам з надпісам «Месца для фатаздымкі».
«Гэта невялікая група людзей. Асноўныя сілы, чалавек 200–250, падключаюцца ад пачатку датэрміновага галасаваньня. 17 лістапада, у асноўны дзень галасаваньня, іх будзе ня меней за 300», — сказаў сёньня журналістам Уладзімер Лабковіч, каардынатар праграмы ад праваабарончага цэнтру «Вясна».
Ён і ягоны калега, каардынатар кампаніі ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, назвалі ўсяго два станоўчыя моманты параўнальна з папярэдняй кампаніяй 2016 году.
- Першы — назіральнікам цяпер дазволяць рабіць здымкі на выбарчых участках. А якраз вакол самавольных здымкаў, як сьведчыць статыстыка 2016 году, найчасьцей здараліся канфліктныя сытуацыі і назіральнікаў за іх выдалялі з участкаў.
- Другі — пры фармаваньні выбарчых камісій цяпер будзе ўлічвацца толькі асабісты жыцьцёвы досьвед прэтэндэнтаў, а не яшчэ і палітычны, як было тры гады таму. Тады чамусьці прыналежнасьць да апазыцыйных палітычных партый разглядалася як мінус для прэтэндэнта.
«Аднак найперш неабходна зрабіць празрыстым падлік бюлетэняў, зьвесьці да мінімуму датэрміновае галасаваньне, дазволіць судовае абскарджваньне вынікаў галасаваньня» — падкрэсьліў Алег Гулак.
Падчас папярэдніх выбарчых кампаній праваабаронцы неаднаразова фіксавалі выпадкі, калі незалежных назіральнікаў выдалялі з участкаў за тое, што яны фатаграфавалі. Напрыклад, на парлямэнцкіх выбарах у 2012 годзе за здыманьне фота на ўчастках былі выдаленыя мазырскі назіральнік Юры Целяпун і менскі назіральнік Сяргей Бахун, а на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў у 2014-м — назіральнік з Гомля Кастусь Жукоўскі.
Юрыст кампаніі Павал Сапелка станоўча расцаніў рашэньне ЦВК аб дазволе назіральнікам рабіць фота на выбарчых участках, але зьвярнуў увагу, што гэты і іншыя важныя аспэкты выбарчага працэсу не апісаныя ў Выбарчым кодэксе, а замацаваныя толькі ў дакумэнтах ЦВК.
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».