Генэральная пракуратура Украіны «бачыць» меркаваных удзельнікаў забойства Паўла Шарамета, але для прасоўваньня расьсьледаваньня неабходна сабраць доказы. Пра гэта заявіў кіраўнік Генпракуратуры Юрый Луцэнка у інтэрвію «Радіо НВ». Прыводзіць якія-небудзь падрабязнасьці наконт «удзельнікаў» забойства ён адмовіўся.
Замах на Паўла Шарамета быў зьдзейсьнены 20 ліпеня 2016 году — пад ягоны аўтамабіль у Кіеве падклалі выбухоўку. Сьледзтва лічыць прафэсійную дзейнасьць рэдактара «Ўкраінскай праўды» асноўным матывам злачынства.
Пакараць вінаватых у забойстве журналіста абяцаў былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Але за тры гады сьледзтва так і не ўстанавіла ні арганізатараў, ні выканаўцаў замаху. Новы прэзыдэнт краіны Уладзімір Зяленскі ў канцы мінулага месяца правёў сустрэчу з кіраўніком Нацыянальнай паліцыі з нагоды расьсьледаваньня. Па яе выніках Зяленскі заявіў: «Думаю, што ў нас з вамі будзе вынік».