Паўночная Карэя правяла чацьвёртую сэрыю ракетных пускаў за апошнія два тыдні, паведамілі ў аўторак паўднёвакарэйскія ўлады. У канцы ліпеня Пхеньян заяўляў, што згаданыя пускі — гэта папярэджаньне «паўднёвакарэйскім мілітарыстам» у сувязі з правядзеньнем імі ваенных вучэньняў сумесна з ЗША на Карэйскім паўвостраве.
Паўночная Карэя заяўляе аб сваёй прыхільнасьці дыпляматычным кантактам і гатоўнасьці пачакаць да канца года, калі ЗША, магчыма, зьмякчаць палітыку санкцый супраць Пхеньяна. Аднак прадстаўнік МЗС Паўночнай Карэі заявіў, што калі Вашынгтон і Сэул ня зьвернуць увагі на папярэджаньне, «ім давядзецца дорага за гэта заплаціць», паведамляе Reuters.
Трамп паспрабаваў прыменшыць значэньне ракетных пускаў, заявіўшы, што яны не парушаюць дамоўленасьцяў паміж ім і Кімам. Адначасова ён выказаўся за аднаўленьне двухбаковых перамоваў з Пхеньянам. Аналітыкі, аднак, лічаць, што ракетныя выпрабаваньні ў КНДР праводзяцца як для ўзмацненьня паўночнакарэйскага ваеннага патэнцыялу, так і для ціску на ЗША дзеля атрыманьня новых саступак.