У Ачынскім раёне Краснаярскага краю Расеі 5 жніўня загарэўся вайсковы склад артылерыйскіх боепрыпасаў. Паводле агенцтва ТАСС, гараць дзьве пляцоўкі, на якіх знаходзяцца каля 40 тысяч артылерыйскіх снарадаў калібрам 125 і 152 мм.
Як паведамляе ТАСС, цяпер вядома пра сем пацярпелых. У бальніцу былі дастаўлены двое вайскоўцаў з аскепкавымі раненьнямі. Яшчэ пяці пацярпелым аказалі дапамогу без шпіталізацыі. Некалькі расейскіх СМІ паведамілі аб загінулых вайскоўцах, але Міністэрства абароны Расеі гэта абвергла.
У адзінай дзяжурна-дыспэчарскай службе Ачынскага раёну паведамілі, што ўлады прынялі рашэньне эвакуіраваць 11 тысяч мясцовых жыхароў з населеных пунктаў у радыюсе 20 км ад вайсковай часткі, а таксама зь дзіцячага лягера па суседзтву.