Ад пачатку ўборкі збожжавых у Менскай вобласьці не зафіксавана ніводнага выпадку, каб аўтаінспэкцыя паўторна затрымала мэханізатара ў стане алькагольнага ап’яненьня, паведаміў журналістам 1 жніўня начальнік ДАІ Менскай вобласьці Міхаіл Акуліч.
Такі надзвычайны вынік спадар Акуліч патлумачыў тым, што ў вобласьці пачалі правяраць мэханізатараў двойчы: на пачатку і ў канцы працоўнага дня.
«Мы прааналізавалі ранейшыя парушэньні і пабачылі, што найбольшая колькасьць ужываньня алькаголю прыпадала на пэрыяд з 14 да 16 гадзін. Мэханізатары лічылі, што іхны працоўны дзень ужо завяршыўся, і дазвалялі сабе „кульнуць чарку“. Таму мы настаялі, каб іх правяралі двойчы: ня толькі раніцай, калі яны пакідаюць гаражы, але і ўвечары, калі яны вяртаюцца з працы. І гэта падзейнічала», — адзначыў начальнік ДАІ.
Таксама ён падкрэсьліў, што доля дарожна-транспартных здарэньняў з удзелам сельскагаспадарчай тэхнікі на тле ўсіх ДТП складае толькі 0,8%. Раней такой нізкай лічбы ніколі не было.
На ўдакладняльнае пытаньне, ці распаўсюджваецца гэтая практыка на іншыя рэгіёны Беларусі, спадар Акуліч адказаў:
«Магчыма, у некаторых абласьцях спрабуюць гэта рабіць. Але магу дакладна сказаць, што так сыстэматычна і пасьлядоўна, як у нас, такія праверкі не праводзяцца».