Суд Кастрычніцкага раёну Віцебска абвясьціў вырак у справе аб гібелі 20-гадовага дэсантніка Віктара Калачынскага, якога 22 красавіка цяжка траўмаваў армейскі аўтамабіль, паведамляе Tut.by.
Абвінавачаны — 19-гадовы кіроўца «МАЗа» і калега загінулага Мікалай Атрушкевіч — атрымаў 2 гады пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады.
Суд прызнаў яго вінаватым у парушэньні правілаў кіраваньня баявой, спэцыяльнай або транспартнай машынай, якое празь неасьцярожнасьць стала прычынай сьмерці чалавека (ч. 2 арт. 464 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і асудзіў паводле артыкулу 78 КК («Асуджэньне з умоўным непрымяненьнем пакараньня»).
Гэта значыць, што яго не адправяць адбываць пакараньне ў турме, калі на працягу 2 гадоў выпрабавальнага тэрміну ён ня ўчыніць новае злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязкі. Гэтыя два гады за ім будуць весьці прафіляктычнае назіраньне.
Таксама Атрушкевіч ня зможа кіраваць транспартам на працягу 5 гадоў.
22 красавіка 2019 году на тэрыторыі 103-й брыгады ў Віцебску 20-гадовы Віктар Калачынскі, якому заставалася 18 дзён да дэмабілізацыі, разгружаў прычэп, стоячы сярод машын. Адна зь іх пакацілася, і хлопца прыціснула. Салдата зь цяжкімі траўмамі жывата, спіны і ног даставілі ў рэанімацыю. На наступны дзень Калачынскі памёр у шпіталі.
Паводле сьледзтва, 19-гадовы кіроўца Мікалай Атрушкевіч, знаходзячыся ў кабіне «МАЗа», ня ўпэўніўся, што рычаг каробкі перадач знаходзіцца ў нэўтральным становішчы, і запусьціў рухавік. Машына паехала наперад і сутыкнулася зь іншым аўтамабілем, які наехаў на салдата.
Мікалай Атрушкевіч цалкам прызнаў сваю віну. На судзе ён быў без адваката — сказаў, што ня мае патрэбы ў ягоных паслугах, і заявіў толькі адно хадайніцтва — ад сваіх таварышаў па службе, якія прасілі суд зьмякчыць яму пакараньне. Бацькоў загінулага на судзе не было «па сямейных абставінах і з маральных прычынаў», яны не заяўлялі ніякіх пазоваў, датычных пакараньня абвінавачанаму.