Чачэнская дзяржтэлерадыёкампанія «Грозны» паказала сюжэт аб мясцовым падлетку, які са сьлязамі просіць прабачэньня за крытыку ўлад рэспублікі ў «Інстаграме», паведамляе Бі-бі-сі.
Матэрыял пад назвай «Экстрэмісцкі камэнтар і яго наступствы» прысьвечаны паведамленьням, якія разьмясьціў 16-гадовы Магамэд Ахматаў. У іх жыхар Чачэніі высьмейваў дзейнасьць дабрачыннага фонду імя Ахмата Кадырава і называў «шайкай» атачэньне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
У сюжэце хлопчык просіць прабачэньня перад уладамі Чачэніі, пасьля чаго выслухоўвае папрокі муфтыя Чачэнскай рэспублікі. Той часам перапыняе працяглую гаворку, каб прачытаць раздрукаваныя на некалькіх лістах камэнтары юнака ў Інстаграме.
У канцы відэа паказаная гутарка кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава зь міністрам чачэнскага ўраду Джамбулатам Умаравым. У ёй Кадыраў сьцьвярджае, што «прафіляктыка экстрэмізму сярод моладзі» зьяўляецца адным з самых прыярытэтных кірункаў працы кіраўніцтва рэспублікі.