«На гэтым месцы будзе ўсталяваны помнік першаасьветнікам зямлі беларускай». Камень з такой шыльдай месьціцца ў дворыку Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэта на праспэкце Незалежнасьці ў Менску. Помнік усталююць у 2020 годзе. Аднак дагэтуль невядома, у гонар якіх асьветнікаў ён будзе.
Блогер Севярын Квяткоўскі выклаў фота шыльды на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
У прэс-службе БНТУ Свабодзе пацьвердзілі, што помнік сапраўды мае зьявіцца на тэрыторыі навучальнай установы. Яго прымяркуюць да 100-годзьдзя ўнівэрсытэта, якое адзначаецца ў 2020 годзе.
Аднак дагэтуль невядома, каму будзе ўсталяваны новы помнік. Як патлумачылі Свабодзе ў прэс-службе БНТУ, дэталі можна будзе даведацца толькі ў верасьні. Да таго часу рэктарат унівэрсытэта разгледзіць розныя ідэі будучага помніка і вызначыцца з асобамі, якія будуць выяўленыя на новым манумэнце.