За двое сутак сабралі амаль 22 тысячы даляраў на дапамогу сямʼі Нікі Ніканавай, якая загінула 25 ліпеня на Алясцы.
Гэта нават больш, чым першапачаткова заяўленая патрэба, і збор грошай працягваецца. Розныя сумы пералічылі амаль 280 чалавек, самы вялікі перавод — 10 тысяч даляраў.
Грошы пойдуць на пералёт у ЗША Вольгі Ніканавай, маці нябожчыцы, і на пакрыцьцё выдаткаў на пахаваньне.
Пётар Маркелаў і Ніка Ніканава пасьля вясельля вандравалі па Алясцы, хацелі застацца там жыць. Яны дабраліся да адной з славутасьцяў Аляскі — аўтобуса, у якім жыў і памёр Крыстафэр МакКэндлес — герой дэкумэнтальнай кнігі-бэстсэлера Джона Кракаўэра Into the Wild.
25 ліпеня яны спрабавалі перайсьці раку Тэкляніка. Дзяўчыну змыла моцнай плыньню. Муж выцягнуў яе і спрабаваў рэанімаваць, але было позна.
Хто такая Ніка Ніканава?
Ніка Ніканава была рэжысэркай, яна дасьледавала тэму асуджаных за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Сёлета яна зьняла 20-хвілінны фільм «Пакаленьне 328».
У 13 гадоў Ніканава выканала ролю дачкі лейтэнанта Андрэя Кіжаватава ў фільме «Брэсцкая крэпасьць».
Вучылася ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце і Нью-Ёрскай кінаакадэміі.