Вярхоўны суд зьмякчыў пакараньне былому начальніку галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргею Барысевічу, паведамляе БелТА. Тэрмін асноўнага пакараньня скарацілі з 14 да 13 гадоў пазбаўленьня волі.
12 сакавіка Менскі абласны суд прызнаў Барысевіча вінаватым у хабарніцтве, крадзяжы праз злоўжываньне і саўдзеле ў злачынстве і асудзіў на 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Працэс над Барысевічам праходзіў са жніўня 2018 году. Усяго ў справе праходзілі 13 чыноўнікаў сыстэмы спажывецкага рынку і дзіцячага харчаваньня, у тым ліку 11 жанчын. Гэта былыя загадчыцы камбінатаў школьнага харчаваньня Фрунзэнскага, Партызанскага і Заводзкага раёнаў Менску, загадчыца вытворчасьці такога ж камбіната Ленінскага раёну, загадчыцы крамаў ды іншыя супрацоўніцы сыстэмы дзіцячага харчаваньня ў сталіцы.
Усіх прызналі вінаватымі і пакаралі на розныя тэрміны — ад 2 гадоў абмежаваньня волі да 10 гадоў зьняволеньня.
Паводле сьледзтва, Барысевіч наладзіў рэгулярныя паборы з супрацоўнікаў сыстэмы школьнага харчаваньня ў Менску. На судзе падсудны сьцьвярджаў, што часткай атрыманых грошай дзяліўся з былым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Андрэем Дамарацкім. Аднак Дамарацкі, які выступаў сьведкам у судзе над Барысевічам, гэтага не прызнаў. Пазьней Андрэй Дамарацкі за злоўжываньні ўладай і атрыманьне хабару быў асуджаны на 12 гадоў турмы.
Суд у справе Барысевіча і ягоных саўдзельнікаў дасьледаваў дзясяткі эпізодаў хабарніцтва, пачынаючы з 2015 году. Сумы хабару ад дырэктараў камбінатаў школьнага харчаваньня складалі ад 17 да 90 тысяч, усяго набралася больш за 150 тысяч рублёў. Грошы для хабару Барысевічу кіраўнікі зьбіралі з загадчыкаў вытворчасьці сталовак у школах і каледжах. У абмен на рэгулярныя выплаты Барысевіч абяцаў зьмяншэньне колькасьці праверак, якія праводзіла галоўнае ўпраўленьне спажывецкага рынку Менгарвыканкаму, і «непрыняцьце захадаў рэагаваньня на выяўленыя парушэньні».
У справе фігуравалі аўтамабілі Барысевіча Mercedes-Benz 600, Mitsubishi Pajero і матацыкл Harley Davidson, кватэра на праспэкце Пераможцаў. Барысевіч тлумачыў, што кватэру набыў у крэдыт, пра адзін з аўтамабіляў казаў, што гэта падарунак сваяка, а пра дарагі матацыкл — што ён належыць ягонаму знаёмаму.
Атрыманьня хабару ад дырэктараў камбінатаў школьнага харчаваньня Сяргей Барысевіч не прызнаў, але з часткаю выстаўленых абвінавачаньняў пагадзіўся.