У здымках фільму «Revealing Ukraine» («У барацьбе за Ўкраіну») амэрыканскаму рэжысэру Олівэру Стоўну дапамагалі беларусы.
Ягор Клімовіч — унук народнай артысткі Беларусі і СССР Галіны Макаравай — кіраваў вытворчасьцю фільма на стадыі постпрадакшн (уся праца з ужо зьнятым матэрыялам). Ён таксама адзін з рэжысэраў мантажу. Прадусарам фільму выступіў Ігар Лапацёнак, які называе сябе беларусам па лініі маці.
Інфармацыя пра гэта ёсьць у зыходных зьвестках аб вытворчасьці фільму. Ён расказвае пра падзеі ва Ўкраіне, пачынаючы з Эўрамайдану і да вайны на Данбасе. Ва Ўкраіне лічаць, што гэты фільм апраўдвае дзеяньні Расеі да Ўкраіны і называюць антыўкраінскім.
Ва Ўкраіне прэм’ера фільму з удзелам расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна і ягонага кума, лідара партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё!» Віктара Медзьведчука плянавалася на 13 ліпеня на адным з тэлеканалаў, уласьнікам якога зьяўляецца бізнэс-партнэр украінскага палітыка. Аднак, у выніку абурэньня грамадзян і кіраўніцтва шэрагу дзяржаўных органаў, тэлевізійны паказ гэтага фільма скасавалі.
Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны заявіла, што фільм праводзіць «крамлёўскую прапаганду», расказваючы аб кіраваньні ЗША Рэвалюцыяй годнасьці ва Ўкраіне ў 2013–2014 гадах, адсутнасьці дачыненьня Расеі да агрэсіі на Данбасе і правакацыі ўкраінскіх уладаў, якая прывяла да ўзяцьця ў палон Расеяй ўкраінскіх маракоў у Керчанскай пратоцы.
«Прасоўваньне гэтых прапагандысцкіх наратываў напярэдадні выбараў шляхам дэманстрацыі фільму на ўкраінскіх тэлеканалах мае на мэце абвастрыць і дэстабілізаваць грамадзка-палітычную і сацыяльна-эканамічную сытуацыю ва Ўкраіне, а таксама спрыяе правядзеньню дзяржавай-агрэсаркай спэцыяльных інфармацыйных апэрацый ва Ўкраіне ды іншых дзяржавах з мэтай стварэньня нэгатыўнага іміджу Ўкраіны ў сьвеце», — адзначалася ў заяве міністэрства.
За два дні да паказу фільму генэральны пракурор Юры Луцэнка папярэдзіў аб магчымай крымінальнай адказнасьці ў выпадку ягонай трансьляцыі.
За некалькі гадзін да абвешчанага паказу тэлеканал адмовіўся ад дэманстрацыі фільму, абгрунтоўваючы сваё рашэньне пагрозай для бясьпекі супрацоўнікаў тэлеканалу. У ноч на 13 ліпеня будынак, дзе знаходзіцца тэлеканал, абстралялі з гранатамёта, але ніхто зь ягоных супрацоўнікаў не пацярпеў.
У Расеі прэм’ера фільму адбылася на тэлеканале «Россия-1» 19 ліпеня. Ягор Клімовіч анансаваў яе ў адной з публікацыяў на сваёй старонцы ў Facebook.
У камэнтары пад гэтым допісам прадусар фільма Ігар Лапацёнак напісаў:
«Было выдатна працаваць зь Ягорам над нашым фільмам. Адказны, крэатыўны і камунікатыўны прафэсіянал, зь вельмі вялікім патэнцыялам. З задавальненьнем працягваем працаваць зь Ягорам і чакаем яго зноў у Галівудзе. PS. Я таксама беларус па матчынай лініі».