Беларусы спрачаюцца наконт украінскай палітыкі хіба не часьцей і гарачэй, чым наконт уласнай. Прапануем вашай увазе спрэчку двух украінскіх палітолягаў — Канстанціна Бандарэнкі і Віталя Куліка — пра беларускую палітыку, дакладней, пра Аляксандра Лукашэнку.
Насамрэч іх спрэчка — пра Ўкраіну. Як і беларускія спрэчкі пра Ўкраіну — насамрэч пра сваё, пра Беларусь.
Канстанцін Бандарэнка, кіраўнік фонду «Украінская палітыка»:
Сьцісла:
- «Дыктатура» Лукашэнкі нашмат мякчэй таго «разгулу дэмакратыі», які зладзіў ва Ўкраіне Пятро Парашэнка
- Сёньня ў камандзе Лукашэнкі дамінуюць людзі, якіх складана назваць русафіламі
- Лукашэнка прадэманстраваў сапраўдную шматвэктарнасьць у адносінах з геапалітычнымі гульцамі
- Беларусь — гэта адзіная дзяржава постсавецкай прасторы, якая здолела пазьбегнуць войнаў і буйных рэвалюцыйных узрушэньняў
- Шанаваць варта не столькі Лукашэнку, колькі стабільнасьць, якая асацыюецца з эпохай Лукашэнкі
— Прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі актыўна капіюе раньняга Аляксандра Лукашэнкі. Гэта заўважыў ня толькі я — пра гэта кажуць многія экспэрты. Не маючы многіх паўнамоцтваў, не ўплываючы на выканаўчую і заканадаўчую ўладу, Зяленскі вырашыў згуляць у «народнага прэзыдэнта» і зьвярнуцца да добра праверанага і апрабаваны варыянту: паказваць народу, выбаршчыку сваю гатоўнасьць ваяваць з Сыстэмай. Публічная лупцоўка чыноўнікаў, звальненьні і жорсткі тон у размове, разумеючы, што гэта сапраўды спадабаецца шараговаму ўкраінцу — гэты тон Зяленскі пераняў менавіта ў Лукашэнкі.
Але ў Лукашэнкі часоў далёкіх 90-х! Часоў станаўленьня! Аляксандру Рыгоравічу таксама даводзілася змагацца са сфармаванай (праўда, яшчэ не адужэлай) сыстэмай, і ён з супрацьстаяньня выйшаў пераможцам.
Да Лукашэнкі можна ставіцца па-рознаму. Хтосьці яго называе апошнім дыктатарам Эўропы. Але ж яго «дыктатура» нашмат мякчэй таго «разгулу дэмакратыі», які зладзіў ва Ўкраіне Пятро Парашэнка: прынамсі, у Беларусі не забіваюць журналістаў, а апазыцыю не тэрарызуюць нацыяналістычныя групоўкі, якія знаходзяцца на службе ва ўлады. Лукашэнка не загадвае, у якой царкве маліцца, КДБ Беларусі не звозіць сілком на апэрэткавыя «саборы» мітрапалітаў, у краіне не ўводзяцца «моўныя патрулі».
Лукашэнку называюць «прарасейскім прэзыдэнтам». Але за апошнія дзесяць гадоў ніводнага году не абыходзілася бяз спрэчкі паміж Масквой і Менскам адносна тарыфаў, паставак нафты, «падатковых манэўраў» і г. д. Пры гэтым у большасьці выпадкаў Лукашэнку ўдавалася адстаяць інтарэсы Беларусі. Сёньня ў камандзе Лукашэнкі дамінуюць людзі, якіх складана назваць русафіламі — гэта хутчэй прыхільнікі разьвіцьця ўласнай сувэрэннай дзяржавы.
Лукашэнка прадэманстраваў сапраўдную шматвэктарнасьць у адносінах з геапалітычнымі гульцамі — і зь Расеяй, і зь Кітаем, і з Эўропай. Ва ўсіх трох выпадках Беларусь стала жаданым эканамічным партнэрам. Калі б не Майдан 2014 году, падобную палітыку сёньня дэманстравала б і Ўкраіна, істотна ўзмацніўшы свой эканамічны патэнцыял і ператвараючыся ў рэгіянальнага лідэра. Паўтаруся: калі б не Майдан. Усё астатняе — вытворнае.
Я думаю, на адной з цэнтральных плошчаў Менску трэба паставіць помнік Арсенію Яцанюку — былому прэм’ер-міністру Ўкраіны. Дзякуючы яго глупству, Беларусь у апошнія пяць гадоў атрымала магутны штуршок для разьвіцьця эканомікі. Украіна страціла сваё транзытнае становішча — тавары пайшлі праз Беларусь. Украіна пасварылася з Расеяй — эканамічныя сувязі паміж украінскімі таваравытворцамі і расейскім рынкам пайшлі праз Беларусь (без асаблівага афішаваньня). Польшча пераключыла сваю ўвагу з Украіны на Беларусь і пачала разьвіваць шэраг праектаў, якія раней прызначаліся для Ўкраіны. Кітай перанёс вытворчасьць аўтамабіляў з Украіны ў Беларусь. Пасьля адмены авіязносін паміж Украінай і Расеяй увесь пасажырскі паток ідзе праз Менск. А гэта — дадатковыя грошы, дадатковае падсілкоўваньне эканомікі, дадатковыя палітычныя бонусы.
За 25 гадоў Лукашэнка моцна зьмяніўся. Ён набраўся палітычнай вагі і палітычнай мудрасьці. Ультрапапулізм сярэдзіны 90-х зьмяніўся канструктыўнымі прапановамі і ініцыятывамі. Чаго вартая хаця б прапанаваная Лукашэнкам у 2012 годзе канцэпцыя «інтэграцыі інтэграцый», якая ўспрымалася на ўра заходнімі палітолягамі, якая паказвае адсутнасьць супярэчнасьцяў у інтэграцыйных працэсах у Эўрапейскім Зьвязе і на Эўразійскай прасторы — маўляў, усё роўна потым прыйдзем да агульнай мадэлі.
Пад зьнешняй непасрэднасьцю і прастатой крыецца вельмі сурʼёзны палітычны розум. Гульня ў прасьцяка забясьпечыла Лукашэнку яго палітычнае даўгалецьце — ён здолеў абыграць многіх «складаных» і «дзелавых».
Так, у Беларусі не ўсё гладка. Так, многія рэчы могуць здавацца залішнімі і рудымэнтарнымі (мае сябры ў Менску скардзяцца на тое, што Беларусь — гэта закансэрваваны Савецкі Саюз). Але на сёньняшні дзень можна канстатаваць два моманты. Па-першае, Беларусь — гэта адзіная ў Эўропе сацыяльная дзяржава (не сацыялістычная, а менавіта сацыяльная^; пасьля знакамітай прамовы караля Нідэрляндаў Вілема-Аляксандра 30 красавіка 2013 года Эўропа кінулася адмаўляцца ад сацыяльных прынцыпаў). Па-другое, Беларусь — гэта адзіная дзяржава постсавецкай прасторы, якая здолела пазьбегнуць войнаў і буйных рэвалюцыйных узрушэньняў.
А гэта дарагога варта.
У пляне міратворчасьці — ініцыятывы Лукашэнкі адносна прадстаўленьня перамоўнай пляцоўкі ў перамовах паміж Армэніяй і Азэрбайджанам па карабаскім пытаньні, а пазьней — у перамовах Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні крызісу на Данбасе — таксама вельмі важныя і каштоўныя. Больш за тое: Лукашэнка ўжо адгукнуўся на ініцыятыву Зяленскага адносна арганізацыі новага перамоўнага працэсу з удзелам Украіны і Расеі.
Я не зьдзіўлюся, калі на нейкім этапе Лукашэнка сам прапануе Зяленскаму функцыі пасярэдніка ва ўрэгуляваньні данецкага крызісу: маўляў, калі ты не можаш сесьці за стол перамоваў з лідэрамі ДНР і ЛНР, то я асабіста гатовы паехаць у Данецк і Луганск і дамовіцца аб новым фармаце перамоў. Я не зьдзіўлюся, калі Лукашэнка стане фактарам спыненьня вайны ва Ўкраіне. Бязьдзейнасьць украінскіх палітыкаў будзе патрабаваць пакліканьня ў працэс аднаўленьня міру новых варагаў.
Я не зьяўляюся сьляпым прыхільнікам Лукашэнкі, але я бачу вялікую колькасьць тых пазытыўных момантаў, якія дазволяць Лукашэнку застацца і ў гісторыі, і ў народнай памяці станоўчым пэрсанажам. Франца-Іосіфа ў Аўстра-Вугоршчыне падданыя не любілі — на працягу ўсіх 68 гадоў яго кіраваньня. Ён не выйграў ніводнай вайны, ня зьдзейсьніў ніводнага яркага подзьвігу. Але сёньня менавіта Франц-Іосіф зьяўляецца асновай аўстрыйскага нацыянальнага міту. Бо ён даў свайму народу галоўнае — адчуваньне стабільнасьці, упэўненасьці ў будучыні. Гэта яны змаглі зразумець ужо пазьней, у наступныя дзесяцігодзьдзі.
Менавіта таму шанаваць варта не столькі Лукашэнку, колькі стабільнасьць, якая асацыюецца з эпохай Лукашэнкі.
Віталь Кулік, дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў праблем грамадзянскай супольнасьці:
Сьцісла:
- Рэжым хутка набыў прыкметы пэрсаналісцкай дыктатуры
- Ужо на мяжы нулявых эканамічная мадэль Беларусі пачала даваць збоі
- Пэрспэктывы Беларусі пасьля Лукашэнкі відавочна рэвалюцыйныя
- Лукашэнка стварыў уласную мадэль беларускай нацыянальнай ідэі, адарваную ад гістарычнай традыцыі дзяржаўнасьці
- У любым выпадку спакой Беларусі сканчаецца, наступае эпоха перамен
— Прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі я б назваў перамогай першага папуліста на постсавецкай прасторы пасьля заканчэньня хвалі нацыянальных рэвалюцый у рэспубліках былога СССР. Ён стаў прэзыдэнтам на хвалі лёзунгаў барацьбы з карупцыяй, пераадоленьня новай галечы і альтэрнатывай нацыянал- патрыётам, у якіх тады масава расчараваліся людзі.
Лічылася, што першы этап кіраваньня прэзыдэнта Беларусі быў своеасаблівым пераходам ад залішне атамізаванай прота-плюралістычнай палітычнай сыстэмы постсавецкага ўзору да нечага новага. У 1997 годзе разам з калегамі мы нават напісалі брашуру пад назвай «Беларусь перад выбарам: аўтарытарызм ці дэмакратыя», дзе зрабілі пэўны прагноз, як зьменіцца рэжым Лукашэнкі.
Нават тады, мы пакінулі яму невялікую альтэрнатыву пераходу да кантраляванай дэмакратыі з элемэнтамі аўтарытарызму. Але Аляксандар Рыгоравіч абраў іншы шлях — тыповага аўтакрата і «закручваньня гаек».
Рэжым хутка набыў прыкметы пэрсаналісцкай дыктатуры, «зачысьціў» апазыцыю і свабоду слова, пачаліся рэпрэсіі і канцэнтрацыя рычагоў уплыву на эканоміку ў руках кіраўніка дзяржавы. Пасьля зьменаў у Канстытуцыі Беларусь апынулася ў сьпісе аўтарытарных постсавецкіх краін, побач з Азэрбайджанам і Узбэкістанам.
У той жа час варта адзначыць некаторыя станоўчыя рысы рэжыму Лукашэнкі, асабліва ў канцы 1990-х і пачатку 2000-х. Перш за ўсё, гэта захаваньне прамысловых прадпрыемстваў, забесьпячэньне раўнамернага эканамічнага разьвіцьця, прадухіленьне алігархічнай манапалізацыі сэктараў эканомікі і г.д. Тады зьявіўся фэномэн лукашэнкавай эканамічнай мадэлі дзяржаўнага капіталізму.
Такая мадэль дазволіла захаваць працоўныя месцы, утрымаць узровень дабрабыту насельніцтва на пэўным узроўні. На фоне крызісных працэсаў ва Ўкраіне, у Малдове і нават у Расеі, Беларусь здавалася востравам стабільнасьці і росквіту. Але «залаты век» Лукашэнкі доўжыўся нядоўга. Ужо на мяжы нулявых эканамічная мадэль Беларусі пачала даваць збоі, паколькі яна трымалася на энэргетычных субсыдыях Расеі.
За адносную эканамічную стабільнасьць беларусы заплацілі стратай дэмакратычных правоў і свабодаў. Палітычная сыстэма Рэспублікі Беларусь увайшла ў рэжым незваротнай гермэтызацыі. Гаворка ідзе пра тое, што ўся палітычная сыстэма залежыць ад асобы Лукашэнкі. Гэта не прадугледжвае транзыт улады. І таму пэрспэктывы Беларусі пасьля Лукашэнкі відавочна рэвалюцыйныя.
Яшчэ адной характэрнай рысай мадэлі Лукашэнкі было зьнішчэньне любой уплывовай апазыцыі і яе маргіналізацыя. Пасьля некалькіх няўдалых спроб арганізаваць масавы пратэст супраць фальсыфікацый прэзыдэнцкіх выбараў пачаўся адток палітычна актыўнай часткі насельніцтва за межы Беларусі.
Самі апазыцыйныя партыі ператварыліся ў гурткі палітэмігрантаў, нацыянальная апазыцыя ўступіла ў фазу ўнутранай эміграцыі. І з цягам часу яны зьмірыліся з гэтым статусам. Ён нават стаў прыбытковым бізнэсам па засваеньні грантаў на «разьвіцьцё дэмакратыі».
У самой палітычнай сыстэме Беларусі зьяўленьне альтэрнатывы Бацьку немагчымае. На працягу дзесяцігодзьдзяў свайго кіраваньня Лукашэнка настолькі вычысьціў палітычную эліту Рэспублікі Беларусь, што зрабіў цалкам немагчымай якую б то ні было «фронду».
Нягледзячы на тое, што многія ўкраінскія экспэрты называюць Лукашэнку прарасейскім лідэрам, а яго палітыку падпарадкаванай інтарэсам Масквы, гэта не зусім дакладна.
Лукашэнка абраў інтэграцыю з Расеяй як альтэрнатыву ўмяшальніцтву ва ўнутраныя справы Беларусі з боку Захаду. Масква рабіла стаўку на постсавецкіх аўтакратаў і кансэрвацыю іх рэжымаў у абмен на ляяльнасьць у зьнешняй палітыцы.
Да таго часу, пакуль не пачаліся фактычныя інтэграцыйныя працэсы ў Мытным саюзе, існаваньне такіх бутафорый, як Саюзная дзяржава Расея-Беларусь ці СНД, не стварала сур’ёзных праблем для постсавецкіх уладаў.
На словах Лукашэнка заўсёды быў прыхільнікам эўразійскай інтэграцыі. Але з ростам эканамічнага ціску, прымушэньня Беларусі да шчыльнага зьнешнепалітычнага супрацоўніцтва, інтэграцыі ваенна-прамысловых комплексаў і спэцслужбаў Лукашэнка быў вымушаны павярнуцца да нацыянальнага будаўніцтва.
У адрозьненьне ад Кучмы і Шэварднадзе з Аліевым, Лукашэнка стварыў уласную мадэль беларускай нацыянальнай ідэі, адарваную ад гістарычнай традыцыі дзяржаўнасьці. Яшчэ ў 1990-я гады ён адмовіўся ад канцэпцыі нацыяналізуючага нацыяналізму, і яго ідэолягі прапанавалі пабудаваць новую беларускую дзяржаўную ідэнтычнасьць. Паколькі такая канцэпцыя была штучнай зьявай ад самага пачатку яе існаваньня, уся ідэалёгія дзяржаўнасьці ў Беларусі — гэта ідэалёгія рэжыму Лукашэнкі. Зь яго яна пачынаецца і ім сканчаецца.
Сёньня Беларусь ізноў перад выбарам. Эканамічная і палітычная мадэль канчаткова вычарпала рэсурсы для разьвіцьця. Фактычна можна назіраць, як рэжым «даядае» шматвэктарны падыход у выглядзе пашырэньня супрацоўніцтва з Кітаем і асымэтрычных адносін з Украінай, але межы манэўру робяцца ўсё вузейшымі.
Маскву больш не задавальняе вонкавая ляяльнасьць. Ад Лукашэнкі дамагаюцца ўбудаваньня Беларусі ў расейскую сыстэму. Як толькі гэты працэс завяршыцца, патрэба ў Бацьку зьнікне. І ён гэта разумее.
Таму Лукашэнка так зацікаўлены ў любых пасрэдніцкіх паслугах для вырашэньня канфлікту на Данбасе. Гэта магчымасьць выйсьці з вымушанай зьнешнепалітычнай ізаляцыі. Таму прэзыдэнт Беларусі з такім задавальненьнем успрыняў ідэю прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага правесьці ў Менску сустрэчу ў «нармандзкім фармаце плюс», з удзелам прэмʼер-міністра Вялікабрытаніі Мэй і прэзыдэнта ЗША Трампа.
Але рэжым Лукашэнкі прырэчаны. Выхад — альбо кіраваны транзыт і трансфармацыя сыстэмы ў плюралістычную сыстэму з усімі рызыкамі палітычнай турбулентнасьці альбо каляпс у выглядзе субрэгіёну Расеі.
У любым выпадку спакой Беларусі сканчаецца, наступае эпоха перамен.