Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя абшукала кватэру геяў, якім «празь нядбайнасьць» дазволілі ўсынавіць дзяцей


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

У Расеі супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус у кватэры маскоўскай гомасэксуальнай пары, якая выхоўвае двух усыноўленых дзяцей. Пра гэта паведамляе ЛГБТ-група «Выхад».

Гаспадароў кватэры дома не было, паліцыянты выламалі замкі і зайшлі ўнутр. Раней гомасэксуальная пара паінфармавала супрацоўнікаў праваахоўных органаў, што знаходзіцца зь дзецьмі ў адпачынку, які быў заплянаваны загадзя. Пры гэтым, як адзначаюць праваабаронцы, афіцыйна іх не выклікалі на допыт або для іншых сьледчых дзеяньняў.

17 ліпеня Сьледчы камітэт Расеі паведаміў аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле артыкулу «Нядбайнасьць» у дачыненьні да чыноўнікаў аддзелу сацыяльнай абароны маскоўскага раёну Мар’іна з тае прычыны, што яны дапусьцілі ўсынаўленьне двух дзяцей геем. Як сьцьвярджалася ў паведамленьні СК, мужчына «прапагандуе нетрадыцыйныя адносіны, фарміруючы ў дзяцей скажоныя ўяўленьні пра сямейныя каштоўнасьці, наносячы шкоду іх здароўю, маральнаму і духоўнаму разьвіцьцю».

Раней тэлеканал РЕН ТВ са спасылкай на крыніцы ў мэдычных колах паведаміў, што ў НДІ неадкладнай дзіцячай хірургіі і траўматалёгіі паступіў хлопчык са скаргамі на апэндыцыт. Апэндыцыт у яго не пацьвердзіўся, аднак дзіця пасьпела распавесьці лекарам, што жыве ў сямʼі з двума татамі, якія часам сьпяць у адным ложку. Мэдыкі зьвярнуліся ў паліцыю. Сьледчы камітэт прызначыў праверку.

У дэпартамэнце працы і сацыяльнай абароны Масквы адказалі, што дзеці атрымлівалі паўнавартаснае выхаваньне: займаліся з рэпэтытарамі, захапляліся спортам, рэгулярна езьдзілі адпачываць за мяжу. У супрацоўнікаў органаў апекі не было сумненьняў у тым, што дзеці, усыноўленыя ў Маскве двума мужчынамі, атрымлівалі ўсё неабходнае і добра вучыліся, у іх выхаваньні прымалі ўдзел бабуля і нянька, паведаміла РИА Новости ўпаўнаважаная па правах чалавека ў Маскве Тацьцяна Пацяева.

Адказны сакратар Савету па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Ірына Кіркора адзначыла, што выхаваньне дзяцей аднаполага парай не павінна быць падставай для крымінальнага расьсьледаваньня.

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Агора» Павел Чыкаў напісаў у сваім телеграм-канале, што такая справа ў Расеі ўзбуджаная ўпершыню. Незадоўга да гэтага Чыкаў нагадаў пра словы старшыні Савета Фэдэрацыі Валянціны Мацьвіенкі аб тым, што права аднаполых семʼяў усынаўляць дзяцей «прывядзе проста да выраджэньня чалавецтва».

30 чэрвеня 2013 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон, які забараняе «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін сярод непаўналетніх». Яго парушэньне пагражае штрафам да 5 тысяч рублёў. Эўрапейскі суд у правах чалавека прызнаў гэты закон дыскрымінацыйным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG