Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін упершыню пагаварыў з новым прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Кіраўнікі краін па телефону абмеркавалі сытуацыю на Данбасе і абмен палоннымі.
Паводле прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова, ініцыятарам тэлефоннай размовы была Ўкраіна.
Акрамя таго, абмяркоўвалася ідэя працягу перамоваў у «нармандзкім фармаце».
Раней ТАСС паведамляў, што Пуцін зацікавіўся ідэяй Зяленскага аб сустрэчы дзеля абмеркаваньня сытуацыі вакол Украіны з удзелам лідэраў ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ і Францыі. Пуцін заявіў, што Расея гатовая да перамоваў па Ўкраіне ў любым фармаце.
Пры гэтым Пуцін адзначыў, што «больш-менш пра нешта можна будзе казаць пасьля канчатковага фармаваньня новага ўраду Ўкраіны і правядзеньня выбараў у парлямэнт краіны».
У прэс-службе прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зеленскага дадалі, што ключавым пытаньнем у ягонай тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным было вызваленьне палонных украінскіх вайсковых маракоў, якія ўтрымліваюцца Расеяй ад лістападу 2018 году.