Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве пройдзе альтэрнатыўны парад на Дзень Незалежнасьці з удзелам вэтэранаў вайны на Данбасе


Ілюстрацыйнае фота. Манумэнт Незалежнасьці ў Кіеве
Ілюстрацыйнае фота. Манумэнт Незалежнасьці ў Кіеве

Нязгодныя з рашэньнем прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага аб скасаваньні параду ў Кіеве на Дзень Незалежнасьці Ўкраіны 24 жніўня рыхтуюць альтэрнатыўную акцыю — Марш няскораных.

У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны абурыліся рашэньнем прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб скасаваньні традыцыйнага вайсковага параду на Дзень незалежнасьці 24 жніўня і ініцыявалі правядзеньне альтэрнатыўнага шэсьця па Храшчаціку з удзелам вэтэранаў вайны на Данбасе, валянтэраў, якія дапамагалі ўкраінскаму войску, і грамадзкіх актывістаў.

Андрэй Парубій
Андрэй Парубій

«Для патрыётаў Украіны Дзень Незалежнасьці — галоўнае сьвята. За незалежнасьць і дзяржаўнасьць ахвяравалі сваім жыцьцём шмат пакаленьняў украінцаў. Тысячы нашых сучасьнікаў, найлепшыя дочкі і сыны Ўкраіны, загінулі за незалежнасьць у апошняй вайне з імпэрскай Расеяю, якая трывае ўжо пяты год», — заявіў старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій, адкрываючы сёньняшняе пасяджэньне парлямэнту.

Сьпікер парлямэнту заклікаў ушанаваць подзьвіг украінскіх герояў і выйсьці 24 жніўня на Храшчацік усіх, хто змагаўся і ваяваў за свабоду Ўкраіны, — удзельнікаў Рэвалюцыі Годнасьці, вэтэранаў расейска-ўкраінскай вайны, добраахвотнікаў і вайскоўцаў.

«Бярыце ў рукі і падымайце свае баявыя штандары і сьцягі, зь якімі вы абаранялі Ўкраіну! Я буду там разам з вамі! Да сустрэчы на Храшчаціку ў Дзень Незалежнасьці Ўкраіны!», — заклікаў Андрэй Парубій.

Марш Няскораных

Шэраг дэпутатаў падтрымалі ягоную ініцыятыву і прапанавалі назваць гэты парад Маршам Няскораных.

Парубій балятуецца ў новы склад парлямэнту паводле сьпісаў партыі экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць».

Напярэдадні, 9 ліпеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім звароце, распаўсюджаным праз Facebook, заявіў аб скасаваньні вайсковага параду на Дзень незалежнасьці 24 жніўня і намерах накіраваць зэканомленыя сродкі на грашовыя выплаты вайскоўцам:

«Звычайна вайсковы парад адбываецца 24 жніўня. Такі пышны і, безумоўна, нятанны. Гэтыя грошы лепш даць нашым героям, і мы вырашылі выдаткаваць 300 мільёнаў грыўняў (у эквіваленце прыкладна 24 мільёны рублёў. — РС) на прэміі ўсім нашым вайскоўцам», — сказаў Зяленскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG