У сталіцу Беларусі з афіцыйным візытам прыехаў намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джордж Кент, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу амбасады ЗША.
«Намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джордж Кент будзе сустракацца з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў і супрацоўнікамі пасольства», — паведамілі ў дыппрадстаўніцтве.
9 ліпеня Кент пабываў каля помніка Максіму Багдановічу, дзе, як паведамляе пасольства, «меў гонар аддаць даніну памяці выбітнаму клясыку і паразважаць пра спадчыну беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы». Іншыя падрабязнасьці і мэты візыту не паведамляюцца.
Гэта другі візыт Кента ў Менск з пачатку году. У сакавіку ён сустрэўся зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Тады па выніках сустрэчы прэс-служба МЗС паведаміла, што Менск афіцыйна праінфармаваў Вашынгтон пра адмену абмежаваньняў на колькасьць супрацоўнікаў амэрыканскага пасольства. Кент у той прыезд таксама сустрэўся ў Менску зь першым намесьнікам міністра ўнутраных спраў Іванам Падгурскім.