Міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што «кожны з нас павінен узяць на сябе абавязаньні хадзіць часьцей у вышыванцы і гаварыць на роднай беларускай мове».
Уладзімер Макей разам з жонкай і сынамі ў вышыванках сустракаў 5 ліпеня гасьцей сьвята «Ў Беларусі, як дома», якое праводзіла ў Менску Міністэрства замежных спраў для амбасадараў і прадстаўнікоў дыпмісій зь сем’ямі, паведамляе Tut.by.
Удзел у сьвяце бралі кіраўніцтва і супрацоўнікі МЗС, кіраўнікі дыпмісій. Імпрэза суправаджалася паказам калекцый адзеньня, выставамі карцін і фота, выступленьнямі творчых калектываў. Сёлета было каля 200 гасьцей.
«Мы хочам, каб Беларусь была ўтульным домам для тых, хто жыве і працуе тут часова — паслоў, дыпляматаў, — цытуе БелаПАН Уладзімера Макея. — Я спадзяюся, што, прабыўшы нейкі час у нашай краіне, вы запомніце Беларусь як ваш другі дом».
Паводле Макея, сьвята пачыналася як «Дзень вышыванкі». Затым ад амбасадараў, акрэдытаваных у Беларусі, паступіла прапанова, каб кожны прыйшоў на сьвята ў сваім нацыянальным строі і мог прадставіць свае традыцыі, кухню.
На сёньняшняе сьвята амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крысьціна Юханэсан прыйшла ў нацыянальным строі сваёй бабулі, якому 100 гадоў.
«Галоўны прынцып нашай дзяржаўнай палітыкі ў тым, каб у грамадзтве панавалі мір, спакой, талерантнасьць і сяброўства. Мы хочам, каб гэта было перанесена на адносіны з нашымі замежнымі гасьцямі. Каб Беларусь стала для іх другой радзімай», — сказаў кіраўнік МЗС.
Паводле міністра, мультыкультурнасьць павінна не аддаляць, а наадварот, збліжаць дзяржавы, краіны і народы. Адна з мэтаў гэтага мерапрыемства, адзначыў ён, — паказаць, што разнастайнасьць культур — гэта «не перашкода, не праблема, а наадварот, праз разнастайнасьць культур мы павінны імкнуцца стаць як мага бліжэйшымі адзін да аднаго».
«Хочам, каб нашы краіны і народы сябравалі і былі сапраўды блізкімі», — сказаў Уладзімер Макей.
Падчас імпрэзы пасол Расеі Дзьмітрый Мезенцаў падарыў Макею і ягонай жонцы пано з матывамі расейскіх народных казак, а малодшаму сыну Арцёму — плякат з II Эўрапейскіх гульняў з аўтографам расейскага хіп-хоп выканаўцы Цімаці. Канцэрт Цімаці праходзіў у Мінску 29 чэрвеня, напярэдадні закрыцьця Эўрапейскіх гульняў.